аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў
Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі
Фундаментальным зборам усіх жанраў і відаў беларускага фальклору з’яўляецца Калекцыя фальклорных запісаў аддзела фалькларысткі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, якая пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 жнiўня 2001 г. № 1137 прызнана навуковым аб’ектам, што складае нацыянальны здабытак.
Калекцыя фальклорных запісаў налічвае больш за 400000 тэкставых і 80000 гукавых запісаў фальклору. Асноўную частку ў архіве займае вусная народная творчасць беларусаў, але таксама прадстаўлены мясцовы рускі, польскі, у меншай ступені, украінскі, яўрэйскі, літоўскі фальклор.
- Фальклорныя матэрыялы, якія ўваходзяць у склад Калекцыі, размеркаваны па пяці асноўных фондах:
- фонд тэкставых запісаў (налічвае больш за 400000 фальклорных адзінак);
- фонд гуказапісаў (налічвае 80000 фальклорных адзінак);
- фонд нотных варыянтаў (расшыфровак) (налічвае 3379 адзінак);
- фонд фотаматэрыялаў (улік не вядзецца, бо патрабуе распрацоўкі спецыяльнай інфармацыйнай сістэмы);
- фонд відэазапісаў (улік не вядзецца, бо патрабуе распрацоўкі спецыяльнай інфармацыйнай сістэмы).
Пераважную частку Калекцыі складаюць рукапісы беларускага фальклору, што бытаваў на тэрыторыі Беларусі на працягу ХХ ст. Гэта песенныя творы (каляндарна-абрадавыя, сямейна-абрадавыя, любоўныя, працоўныя, рэкруцкія, дзіцячыя песні, балады, прыпеўкі і інш.), запісы народнай прозы (казкі, легенды, паданні, былічкі, апавяданні, анекдоты, жарты, гумарэскі і інш.), галашэнні, замовы, народныя вершы, малыя фальклорныя жанры (загадкі, прымаўкі, прыказкі, прыслоўі, фразеалагізмы і інш.), а таксама этнаграфічныя апісанні каляндарных і сямейных звычаяў і абрадаў, народных гульняў і танцаў, матэрыялы па міфалогіі, народнай медыцыне, этнабатаніцы, вуснай гісторыі і інш.
Асноўны масіў фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў быў сабраны ў савецкія гады супрацоўнікамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору М.Я. Грынблатам, А.С. Лісам, А.С. Фядосікам, К.П. Кабашнікавым, В.І. Скіданам, Г.А. Барташэвіч, А.І. Гурскім, Л.М. Салавей, Л.А. Малаш, У.М. Сысовым, Т.К. Цяпковай, І.І. Круком і інш. У канцы ХХ – пачатку ХХІ ст. збіральніцкую працу папярэднікаў працягнулі У.А. Васілевіч, Т.В. Валодзіна, А.М. Боганева, І.А. Васільева, І.Ю. Смірнова, Ю.І. Внуковіч, Я.І. Грыневіч і інш. Разам з традыцыйнай вуснай народнай творчасцю Калекцыя ў цяперашні час папаўняецца ўзорамі сучаснага фальклору.
Найбагацейшы фонд Калекцыі складаюць гукавыя запісы народных песень, музычных інструментальных твораў, празаічных апавяданняў, фрагментаў фальклорна-этнаграфічных апытанняў, размоў і інтэрв’ю. Сталая фіксацыя фальклорных твораў на магнітафонную стужку распачалася ў 1960 г. (першыя запісы былі зроблены Г.А. Барташэвіч і К.П. Кабашнікавым у Нясвіжскім раёне Мінскай вобласці). На сённяшні дзень агульная колькасць магнітных стужак (бабін і касет) складае больш за 2370 адзінак. Рарытэтную частку фонда гуказапісаў складаюць васковыя валікі (26 адзінак), запісы на якія рабіліся пры дапамозе фанографа тыпу Эдысана.