...

народная казка

Казка – адна з самых архаічных і ў той жа час высокаразвітых формаў народнай мастацкай культуры. Для казкі характэрныя наяўнасць мастацкай выдумкі, асаблівыя рысы паэтычнай сістэмы, бытавога прызначэння, формы выканання, успрыманне і апавядальнікамі, і слухачамі як цэласнага, адзінага жанру. Факт існавання казкі як важнага механізму далучэння да культуры і чалавечых каштоўнасцяў сведчыць аб вельмі аб’ёмнай сферы, што ляжыць “па-за рацыянальным”. Менавіта казка звяртаецца да сучасніка мовай алегорыі, сімвалаў і метафар, каб пераказаць гісторыю чалавечага роду, патлумачыць архетыпы і прыадкрыць структуры падсвядомага.

Своеасаблівай мастацкай «рэмінісцэнцыяй» карнавалу назваў народную казку беларускі мысляр Уладзімір Конан. Сапраўды, у яе магічным свеце святкуе перамогу справядлівасць, усенародная праўда, багатыя і бедныя, «разумныя» і «дурні» мяняюцца сваімі месцамі. Усё афіцыйна высокае, страшнае, нават смерць, набывае камічны воблік. Казкавы герой лёгка і свабодна пераадольвае вялізныя прасторы, пранікае на «той свет», у «іншабыццё», зніжае велізарнае да мізэрна малога. Ён як бы вызваляецца ад будзённых патрэбаў і пераходзіць з царства неабходнасці ў царства абсалютнай свабоды і татальнай «перамогі» над матэрыяльнасцю. Вечным і нязменным у гэтым свеце застаюцца толькі найважнейшыя выявы чалавечага духу – маральныя (ці антымаральныя) устаноўкі, злая ці добрая воля. Ідэалізацыя людскіх магчымасцяў і карнавалізацыя сацыя-прыроднага фону – вось два полюсы фальклорнай канцэпцыі быцця, шырока прадстаўленыя ў беларускіх казках.

Міфалагічныя вытокі беларускай казкі сягаюць часоў індаеўрапейскай еднасці і акцэнтуюць даўнія абрады ініцыяцыі. З такога бачання казка паўстае як спецыфічны код культуры, эвалюцыйна правераны своеасаблівы механізм пераводу хаосу першапачатковых інстынктаў ва ўпарадкаванае цэлае казачнага ўніверсуму.

Казка нясе ў сабе не толькі безліч эстэтычных каштоўнасцяў ды апявае сілу, адвагу, але і прасякнута базавай арыентацыяй на дабро. Адмысловым чынам сутыкнуўшы два светы – свет дабра і зла, гэты твор не ў дэкларатыўнай форме, але іншасказальна абгрунтоўвае правільны выбар. Выразна праводзіцца ідэя асуджэння негатыўных памкненняў герояў і сцвярджаецца ўпэўненасць у перамозе над злом, падманам, прагнасцю, ліслівасцю і несправядлівасцю.

Мадыфікуючыся ў адпаведнасці з дынамікай грамадства і тэхнагеннымі рэаліямі, сучасны казкавы жанр «фэнтэзі» рэагуе на тыя змены, якія адбываюцца ў тэхнічнай, інфармацыйнай, камунікацыйнай і іншых сферах. Мяняюцца сюжэты, прадметнасць казкі, яе фон і другасныя лініі, аднак казка, захоўваючы свае прыярытэты, застаецца важным, востра запатрабаваным феноменам сучаснага жыцця, вывучэнне якога неабходна ў шырокім сацыякультурным кантэксце.