...

класіфікацыя народных казак

Каталагізацыя сюжэтаў і сюжэтных тыпаў у сусветным маштабе складае адзін з перспектыўных кірункаў казказнаўства. Першы каталог фінскага вучонага Анці Аарне быў дапрацаваны і дапоўнены англічанінам Сцітам Томпсанам [Thompson 1965] і немцам Хансам-Ёргам Утэрам [Uther 2004]. Міжнародны каталог тыпаў народных казак – пра жывёл, чарадзейных, рэлігійных і навелістычных («The Types of International folktales: Animal tales, tales of magic, religious tales, and realistic tales, with an introduction», (агульнапрынятае скарачэнне гэтага паказальніка ATU) налічвае больш за 2 тысячы розных устойлівых «сусветных казачных сюжэтаў», размеркаваных паміж больш чым 200 грамадствамі.

Не губляе сваёй навуковай каштоўнасці і створаны на аснове паказальніка Анці Аарне паказальнік сюжэтаў усходнеславянскай казкі, так званы СУС [Сравнительный указатель 1979]. Тут прадстаўлены наступныя разнавіднасці казкавага фальклору (усе яны таксама маюцца ў беларускай традыцыі): казкі пра жывёл, уласна казкі (куды ўваходзяць чарадзейныя, легендарныя, навелістычныя казкі, казкі пра абдуранага чорта); анекдоты. Сюды ж уваходзяць небыліцы і кумулятыўныя казкі.

Варта ўсведамляць пэўную ўмоўнасць любой класіфікацыі казак, існаванне пераходных зонаў. Фальклорная творчасць – жывы, рухомы, пластычны арганізм.

...