Беларускае казказнаўства прайшло свой шлях развіцця перадусім у рэчышчы ўсходнееўрапейскай гуманітарыстыкі. Першыя этапы запісу беларускіх казак паўтаралі лёс самой краіны – рускімі збіральнікамі друкаваліся ў зборніках з назваю «Русские народные сказки», а занатаваныя адукаванымі палякамі і пераказаныя па-польску атрымлівалі цэтлік «польскіх». Найранейшыя вядомыя сёння запісаныя ўзоры жанру адшукаліся ў рукапісных зборніках Яна Чачота і Восіпа Бадзянскага. У пераказах па-польску беларускія казкі былі апублікаваныя К. Вуйціцкім, Я. Тышкевічам, Ю. Крашэўскім, А. Глінскім.
У першай палове XIX ст. выходзіць з друку шэраг зборнікаў беларускага фальклору. У гэтай сувязі трэба ўзгадаць твор напаўмастацкі твор Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня або Беларусь у фантастыных апавяданнях” (1944-1946 гг.). Гэты твор уяўляе сабой збор літаратурна апрацаваных народных беларускіх казак, легенд, паданняў, былічак Віцебскай губерні, якія спалучаюцца з апісаннем быту шляхціца Завальні. Матывы беларускага фальклору тут пераплецены з аўтарскай апрацоўкай у рамантычным духу.
У другой палове ХІХ ст. выходзяць заўважныя зборы М. Дзмітрыева, П. Шэйна, які ў другім томе “Матэрыялаў…” змясціў каля 250 казак з розных губерняў Беларусі. З 1886 года сталі публікавацца зборнікі фальклорных запісаў Е. Раманава пад агульнай назвай «Беларускі зборнік» (9 выпускаў), куды ўвайшло больш за 300 казак. У 1880-я гады на захадзе Смаленскай губ., населенай беларусамі, збіраў казкі У. Дабравольскі. Тэксты, запісаныя ім з фанетычнай дакладнасцю, былі апублікаваны ў першым томе яго працы «Смоленский этнографический сборник». Казкі сустракаюцца ў зборніках Ю. Крачкоўскага, П. Чубінскага. Запісы Эмы Яленскай-Дмухоўскай адносяцца да канца XIX ст. і даюць уяўленне аб казкавай традыцыі свайго часу ў межах невялікага рэгіёна – Мазырскага, Рэчыцкага і Навагрудскага паветаў.
На мяжы ХІХ і ХХ ст. устойліва высокім быў інтарэс да традыцыйнай культуры беларусаў і прадстаўнікоў польскага нарадазнаўства. Ян Карловіч на польскай мове апублікаваў «Легенды і казкі, сабраныя ў Літве», Уладзіслаў Вярыга выдаў у Львове зборнік «Беларускія легенды», Оскар Кольберг апублікаваў, таксама на польскай мове, «Палескія казкі». Асобную веху ў збіранні беларускага фальклору складае фундаментальны збор «Беларусы на Літоўскай Русі» Міхала Федароўскага. Кракаўскі лінгвіст Эдвард Кліх у Навагрудскім пав. запісаў «Тэксты беларускія» ў фанетычнай транскрыпцыі.
Да найцікавейшых зборнікаў казак адносяцца ўкладзеныя А. К. Сержпутоўскім «Сказки и рассказы белорусов-полешуков» і «Сказки и рассказы белорусов из Слуцкого уезда». У гэтых зборніках публікуюцца каля 200 розных казак, запісаных самім Сержпутоўскім, а з іх каля 40 запісана ад таленавітага казачніка Рэдзькі.
З першых паваенных гадоў аднавілася і збіранне класічных казак. І тут найпершая роля належыць фалькларысту-казказнаўцу Льву Барагу. Значная колькасць чарадзейных казак была запісана ім у 1945–1948 гг. Вялікай падзеяй стаў апублікаваны навукоўцам у 1966 году ў Берліне ў выдавецтве Akademie Verlag зборнік выбраных беларускіх казак на нямецкай мове «Belorussische Volksmärchen» («Беларускія казкі»): з 122 казак, якія ўвайшлі ў зборнік, 36 з'яўляюцца перакладам упершыню апублікаваных беларускіх казак, запісаных самім Барагам.
У 1970 годзе ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі была запачаткавана фундаментальная акадэмічная серыя “Беларуская народная творчасць” (БНТ). 2-і том быў прысвечаны менавіта казцы (Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі, 1971). Як адзначаецца ў анатацыі, «Упершыню тут сабраны амаль усе вядомыя зараз беларускія казкі пра жывёл. Другі раздзел складаюць чарадзейныя казкі, блізкія да казак пра жывёл сваёй тэматыкай і сістэматыкай вобразаў». Як працяг праз два гады з’яўляецца першы том «Чарадзейныя казкі» (1973), куды былі ўключаныя характэрныя для беларускага казачнага эпасу творы пра асілкаў, на былінныя сюжэты і іншыя. Другая частка тома чарадзейных казак выйшла ў 1978 г. Неўзабаве выходзіць і том, прысвечаны бытавым казкам (Сацыяльна-бытавыя казкі, 1976), дзе сабраны лепшыя ўзоры казак, у якіх ярка адлюстраваны сацыяльныя адносіны.
У пяці тамах з серыі БНТ апублікавана 897 казак, ледзь не палова якіх (420 тэкстаў) друкуецца ўпершыню. Важную ролю ў справе сістэматызацыі беларускіх казак адыграў змешчаны ў другой частцы тома «Чарадзейныя казкі» (1978) «Паказальнік сюжэтаў беларускіх казак», у якім улічаны ўсе друкаваныя матэрыялы. Працягам і дапаўненнем гэтай працы стаў «Паказальнік сюжэтаў беларускіх казак», зроблены Л. П. Барабанавай на падставе архіўных матэрыялаў і змешча¬ны ў томе «Казкі ў сучасных запісах» (1989).
Сучаснае бытаванне казкавай традыцыі добра дэманструюць публікацыі А.М. Боганевай у серыі “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў”.