У 2023-2025 гг. у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры выконваўся праект “Беларускія народныя казкі: сюжэтная шматстайнасць, каталагізацыя, сучасныя інтэрпрэтацыі”. Мэта праекта – актуалізаваць традыцыі народнай казкі як інструмента фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці і выхавання павагі да фальклорнай спадчыны беларусаў у сучасным інфармацыйным грамадстве.
За час выканання праекта адбылася франтальная і амаль усеахопная праца па выяўленні запісаў казак у магчымых архівах і сховішчах. Была праведзена пошукавая праца па каталогах важнейшых архіваў Масквы і Санкт-Пецярбурга па выяўленні рукапісаў. Так, сярод россыпу адзінкавых тэкстаў, каштоўных ужо фактам сваёй фіксацыі ў ХІХ стагоддзі, атрымалася займець копіі вельмі каштоўных дакументаў. Праведзена франтальная пошукавая праца ў архівах краіны. Да друку падрыхтаваныя тры важкія тамы анталогіі “Беларускія народныя казкі”.
На гэтай інтэрнэт-старонцы прадстаўлены запісы казак супрацоўнікамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі з канца 1960-х да 2000-х гг. Аўдыязапісы падаюцца разам з расшыфроўкай і пашпартам, дзе адзначаны дадзеныя пра апавядальніка, збіральніка, месца фіксацыі, захоўвання запісу і магчымай публікацыі. Казкі раскласіфікаваныя па асноўных жанравых групах.
Кіраўнік праекта і аўтар тэкстаў – Таццяна Валодзіна, падрыхтоўка гука казак – Дзмітрый Давыдаў, падрыхтоўка тэкстаў казак – Ала Сідаровіч, мастак – Аксана Навасёлава, вэб-дызайнер – Эліза Белаусава, праграміст – Дар’я Крыварот.