Казка пра лісічку хітрую і дурнога воўка
Казкі пра жывёл
тэкст
ф. 8, воп. 2, спр. 34, № 1, арк. 1–4
аўдыё
ф. 20, воп. 70, ст. 1, № 19
Зап. Кабашнікаў К. П. у 1970 г. у в. Кялёйці Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. ад Анэлі Сцяпанаўны Ярашэвіч, 1899 г. н.
нумар
АА 1+2+21
публікацыя
БНТ І, № 1
Казка пра лісіцу хітрую і пра дурнога ваўка
Гэта было прад каляды. Выправіла жонка мужа на кірмаш ехаць купіць солі і купіць рыбы на куццю. І паехаў муж, паехаў на кірмаш, купіў солі, купіў рыбы і едзе назад. Думае: «Добра ж будзе, ужо жонцы дагаджу, прывязу рыбы, прывязу і солі».
А, нарэшце, казала яму баба і каўнер купіць да футра. Едзе ён, а лісічка пачула запах рыбы, заляцела наперад і лягла на дарозе ўпоперак. Лягла і ляжыць. Ён думае, мусіць, здохшы лісіца. Пайшоў, за гэтую лісіцу і прыносіць у воз і палажыў. «Вот пашанцавала, — думае сабе, — жонцы завязу каўнер дахаты і, не купіўшы, буду апраўданы, што жонцы купіў каўнер». А тым часам гэта лісічка знюхала рыбу, так яна ўсю чыста рыбку выкідала, выкідала па дарозе. Кадушачку пустую пакінула, а тады сабрала,
сабрала рыбку пад ёлачку і села і есць. Воўк тады прыйшоў да яе:
— Кумка-галубка, скуль ты брала рыбку?
Кажа:
— У рэчцы налавіла. Налавіла ў рэчцы і ем.
— Дай жа мне пакаштаваць хоць адну рыбку.
Яна і дала яму пакаштаваць. Ну, і воўк тады кажа:
— Так ты ж мяне завядзі, пакажы, дзе ты яе лавіла.
Яна кажа:
— Так ідзём, я ў прорубцы налавіла.
Завяла яго да рэчкі і кажа:
— Сунь хвост у прорубку і дзяржы, пакуль будзе цяжкі, пакуль няможна будзе падняцца.
Ну, ён сядзеў, гэты воўк, сядзеў, чакаў, чакаў, папробуе, яшчэ лёгка ўстае, яшчэ лёгка, аж пакуль не прымёрз гэты хвост яго.
Замёрз гэты хвост яго ўжо ў рэчцы, тады ён папробуе — не рухаецца. «Ой, — думае, — во шмат будзе рыбы. Вот добра будзе, што ўжо цяпер буду мець на доўгі час есці». А тым часам лісічка хітрая паляцела ў вёску і сказала людзям у адну хату, у другую:
— Ідзіце, дзе вы бярэце ваду, там сядзіць воўк у прорубцы.
Тутака людзі наляцелі, хто з віламі, хто з качаргой — усе наляцелі. І гэтага ваўка як трахнулі, так ён рвануўся з гэтай прорубкі, так і хвост астаўся ў рэчцы, у лёдзе.
А лісічка там, як бабы пабеглі, паляцелі ваўка біць, на шыю кілбасы навешала і зноў паляцела ўперад. Заляцела ўперад ваўку і зноў есць кілбасы. Ён прыляцеў без хваста.
— Кумка-галубка, а што ты ясі?
— Кілбасы ем.
— А можа ж мне дасі?
Яна кажа:
— Так ты ж гэтак дастань, як я дастала. Я во бруха сваё раздзёрла, кілбасы дастала. Так і ты гэтак дастань.
Ну, ён раз, гэта пазгурамі бруха сваё раздзёр і няма кілбасаў тых, і кончыўся тут, і здох на месцы. А лісічка хітрая наелася і рыбы, наелася і кілбасаў.
А мужык гэты ўжо дахаты прыязджае і ўжо рад, што жонка пахвале яго. Ну, адчыніла яна яму вароты, заязджае ў панадворак з санкамі. Ну, і кажа:
— Бяры бочачку з рыбаю. Я бочку купіў рыбы і солі ворак і табе каўнер прывёз, лісічку знайшоў здохшы на дарозе.
Глядзіць баба, што няма тае лісічкі, няма тут і рыбкі. І жонка на яго як нападзець, як стала на яго крычаць:
— Вот ты, балда, ты такі, ты гэтакі, дзе ты тую рыбу купляў, ты недзе прапіў грошы, а мне махлюеш.
І давай яго паласаваць, палку ўзяўшы. Палкай мужа, палкай.
— Дзе ж твой каўнер, няма тут і каўняра. Я ж цябе прасіла, каўнер каб купіў.
Ну, тым і кончылася.