Пайшоў казёл у лычкі
Казкі пра жывёл
тэкст
ф. 8, воп.76, спр. 115, сш. 2, № 82
аўдыё
ф. 20, воп. 76, ст. 33, № 36
Зап. Кабашнікаў К. П. у 1976 г. у в. Пазнякова Полацкага р-на Віцебскай вобл. ад Вальковай Е. А.
нумар
СУС 2015
публікацыя
БНТ V, № 57
Пайшоў казёл у лычкі
Пайшоў казёл у лычкі, каза ў арэшкі. Прыйшоў казёл з лычак — нет казы з арэшкаў, нет казлу пацешкаў.
— Пагадзі ж ты, каза, нашлю на цябе ваўкоў.
Ваўкі не йдуць казу есць, каза не йдзе лазу есць — нет казы з арэшкаў, нет казлу пацешкаў.
— Пагадзіце ж вы, ваўкі, нашлю я на вас стральцоў.
Стральцы не йдуць ваўкоў біць, ваўкі не йдуць казу есць, каза не йдзе лазу есць — нет казы з арэшкаў, нет казлу пацешкаў.
— Пагадзіце ж вы, стральцы, нашлю я на вас мядзведзя.
Мядзведзь не йдзе стральцоў ламаць, стральцы не йдуць ваўкоў ганяць, ваўкі не йдуць казу есць, каза не йдзе лазу есць — нет казы з арэшкаў, нет казлу пацешкаў.
— Пагадзіце ж вы, мядзведзі, нашлю я на вас ружжо.
Ружжо не йдзе мядзведзяў біць, мядзведзі не йдуць стральцоў ламаць, стральцы не йдуць ваўкоў ганяць, ваўкі не йдуць казу есць, каза не йдзе лазу есць — нет казы з арэшкаў, нет казлу пацешкаў.
— Пагадзі ж ты, ружжо, нашлю на цябе агонь.
Агонь не йдзе ружжо паліць, ружжо не йдзе мядзведзяў біць, мядзведзі не йдуць стральцоў ламаць, стральцы не йдуць ваўкоў біць, ваўкі не йдуць казу есць, каза не йдзе лазу есць — нет казы з арэшкаў, нет казлу пацешкаў.
— Пагадзі ж ты, агонь, нашлю я на цябе ваду.
Вада не йдзе агонь тушыць, агонь не йдзе ружжо паліць, ружжо не йдзе мядзведзяў біць, мядзведзі не йдуць стральцоў ламаць, стральцы не йдуць ваўкоў ганяць, ваўкі не йдуць казу есць, каза не йдзе лазу есць — нет казы з арэшкаў, нет казлу пацешкаў.
— Пагадзі ж ты, вада, нашлю на цябе вала.
Валы не йдуць ваду піць, вада не йдзе агонь тушыць, агонь не йдзе ружжо паліць, ружжо не йдзе мядзведзяў біць, мядзведзі не йдуць стральцоў ламаць, стральцы не йдуць ваўкоў ганяць, ваўкі не йдуць казу есць, каза не йдзе лазу есць — нет казы з арэшкаў, нет казлу пацешкаў.
— Пагадзіце ж, валы, нашлю я на вас дубы.
Дубы не йдуць валы біць, валы не йдуць ваду піць, вада не йдзе агонь тушыць, агонь не йдзе ружжо паліць, ружжо не йдзе мядзведзяў біць, мядзведзі не йдуць стральцоў ламаць, стральцы не йдуць ваўкоў ганяць, ваўкі не йдуць казу есць, каза не йдзе лазу есць — нет казы з арэшкаў, нет казлу пацешкаў.
— Пагадзіце ж вы, дубы, нашлю я на вас тапор.
Тапор не йдзе дубы рубіць, дубы не йдуць валоў біць, валы не йдуць ваду піць, вада не йдзе агонь тушыць, агонь не йдзе ружжо паліць, ружжо не йдзе мядзведзяў біць, мядзведзі не йдуць стральцоў ламаць, стральцы не йдуць ваўкоў ганяць, ваўкі не йдуць казу есць, каза не йдзе лазу есць — нет казы з арэіпкаў, нет казлу пацешкаў.
— Пагадзі ж ты, тапор, нашлю я на цябе камень.
Камень не йдзе тапор зубрыць, тапор не йдзе дубы рубіць, дубы не йдуць валоў біць, валы не йдуць ваду піць, вада не йдзе агонь тушыць, агонь не йдзе ружжо паліць, ружжо не йдзе мядзведзяў біць, мядзведзі не йдуць стральцоў ламаць, стральцы не йдуць ваўкоў ганяць, ваўкі не йдуць казу есць, каза не йдзе лазу есць — нет казы з арэшкаў, нет казлу пацешкаў.
— Пагадзі ж ты, камень, нашлю я на цябе чарвей.
Чэрві не йдуць камень тачыць, камень не йдзе тапор зубрыць, тапор не йдзе дубы рубіць, дубы не йдуць валоў біць, валы не йдуць ваду піць, вада не йдзе агонь тушыць, агонь не йдзе ружжо паліць, ружжо не йдзе мядзведзяў біць, мядзведзі не йдуць стральцоў ламаць, стральцы не йдуць ваўкоў біць, ваўкі не йдуць казу есць, каза не йдзе лазу есць — нет казы з арэшкаў, нет казлу пацешкаў.
— Пагадзіце ж вы, чэрві, нашлю я на вас гусей.
Гусі пайшлі чарвей кляваць, чэрві пайшлі камень тачыць, камень пайшоў тапор зубрыць, тапор пайшоў дубы рубіць, дубы пайшлі валоў біць, валы пайшлі ваду піць, вада пайшла агонь тушыць, агонь пайшоў ружжо паліць, ружжо пайшло мядзведзяў біць, мядзведзі пайшлі стральцоў ламаць, стральцы пайшлі ваўкоў ганяць, ваўкі пайшлі казу есць, каза пайшла лазу есць — ёсць каза з арэшкаў, — ёсць казлу пацешка!
Ме-е-е!