Пра казу, бабу і дзеда
Казкі пра жывёл
тэкст
ф. 8, воп. 76, спр. 118
аўдыё
ф. 20, воп. 76, ст. 89, № 2
Зап. Каламыцава В. М. у 1976 г. у в. Пышна Лепельскага р-на Віцебскай вобл. ад Фені Цімафееўны Качанавай.
Пра казу, бабу і дзеда
Пайшла курачка на сметнішча і знайшла бабінку і пшанічанку і прынясла гэтай бабе. Ну, баба кажаць на дзеда:
Давай, дзед, змелім пшанічанку і напячом пірагоў.
Узялі, змалолі пшанічанку.
А бабінку, — кажа, — давай, дзед, пасодзім.
Узялі і пасадзілі яе пад палой. А бабінка як расце і расце і вырасла да
полу. Ужо пол разарылі. Бабінка як расце і расце, вырасла да столі. Яны і столь разарылі. Тады як расце і расце бабінка і вырасла да крышы. Крышу разарылі. А бабінка як расце і расце і вырасла да неба. Боб паспеў, абшчыпаць яго трэба. Дзед кажа бабе:
Ну, баба, давай палезем боб шчыпаць.
Здзелаў дзед лесвіцу і палезлі. Дзед паперад, баба ўслед. Тады баба
звалілася і забілася. Ну, дзед злез, бабу пахаваў. Ну, а боб жа нада шчыпаць. Палез дзед. Лез-лез, лез-лез, узлез на неба. Узлез, ідзець, а там стаіць хатка на курынай ножцы. Бараначкам падпёртая, піражком замкнутая. Узяў піражок з’еў і бараначак і зайшоў у хату. Зайшоў у хату, а ў тэй хаце жылі козы. Ён пад’еў там. Там было малако, смятана, тварог, сыр. Усё наеўся і палез пад печ і ляжыць.
Прыходзяць козы:
Э-э, нехта ў нашай хаце быў.
Ну, паваліліся і кажуць:
Астанься, каза з адным вокам, старажаваць, хто ў нашым доме.
Асталася каза з адным вокам. А дзед пачуў, ляжыць пад печкай і кажа:
Спі, вочка, спі, вочка, спі, вочка.
Узяла, гэтае вочка, заснула. Дзед вылез абратна, наеўся ўсяго, пад печ
і ляжыць. Прыходзяць козы, а каза спіць. Яны як сталі яе біць рагамі, закалолі яе, выгналі.
Ну, — кажуць, — астанься ты, каза з двума вокамі старажаваць.
Асталася каза з двумя вокамі. А дзед пачуў і кажа:
Спі, вочка, спі, другое. Спі, вочка, спі, другое.
Ізноў каза заснула. Абодва вочкі. Дзед абратна вылез з падпечча,
наеўся ўсяго. Пад печ і ляжыць. Прыходзяць козы, каза спіць.
[…]
Ну, цяпера, — кажуць, — заставайся ты, каза з трыма вокамі.
Пакінулі з трыма вокамі. А дзед не дачуў і думаў, што з двумя абратна
вокамі. Ён не знаў, што козы бываюць і з трыма вокамі. Ён тады кажаць:
Спі, вочка, спі, другое. Спі, вочка, спі, другое.
Узялі два вочкі заснулі. А трэцяе глядзіць. Дзед вылез і стаў есці. А
гэта вочка ўвідзела і кажа:
Э-э-э! Вот хто ў нашым доме ёсць.
Дзед думае, яна ж скажа козам гэта, яны яго заколяць. Зарэжу гэтую
казу! Узяў за нож — і ну рэзаць гэтую казу, і лупіці, а яна як вырвалася. Ён бок аблупіў ёй, а яна вырвалася з адным бокам аблупленым ды ўцікаць. Бегла, бегла, а там лісічая пячара. Яна ўзяла і ўвалілася ў лісічую пячару. Ідзе ліса, а там каза сядзіць:
Хто ў маёй пячары?
Яна:
Я — каза-Дарота,
палавіна бока спарота,
бок луплен — бок ня луплен,
як дам капытом —
адчыніся пад кутом,
як дам рогам —
адчыніся пад парогам,
нагамі затапчу,
рагамі закалю,
хвастом замяту.
Ой, спужалася ліса, як пабяжыць, як заплача. Ідзець, а наўстрэчу ей ідзець воўк.
Чаго ты, кумушка, плачаш?
Як жа мне не плакаць, калі ў маёй нехта хатцы зашыўся?
Пайдзёмка, можа я выганю.
Падходзя воўк:
Хто ў лісічай пячары? Вылазьма!
Я — каза-Дарота,
палавіна бока спарота,
бок луплен — бок ня луплен,
як дам капытом —
адчыніся пад кутом,
як дам рогам —
адчыніся пад парогам,
нагамі затапчу,
хвастом замяту.
Спужаўся воўк.
О, кумачка, баюся. Пашлі.
Ідуць і плачуць. Сустракаюць яны зайца.
Чаго ты, лісічка, плачаш?
Як жа мне не плакаць, нехта ў маім доме ёсць страшны.
Хадзем, я выганю.
Ой, не ўжо, воўк выганяў, а не выгнаў. А ты выганіш?
Падходзяць. Заяц:
Хто ў лісічай пячары?
Я — каза-дзераза,
бок луплен — бок ня луплен,
Я — каза-Дарота,
палавіна бока спарота,
як дам капытом —
адчыніся пад кутом,
як дам рогам —
адчыніся пад парогам,
рагамі закалю,
нагамі затапчу,
хвастом замяту.
Ой, кумушка, дужа страшна.
Пабеглі цікаць. Ідуць. Коціцца вожык, паўзець.
Чаго, лісачка, плачаш?
Як жа мне не плакаць, калі ў маёй пячары нехта страшны ёсць?
Пайдзем, я выганю.
Не, і воўк выганяў, і заяц выганяў, ня выгнаў, і ты не выганіш.
Пайдзём. Выганю!
Ідуць, падходзюць. Вожык кажа:
Хто ў лісічай пячары?
Я — каза-Дарота,
палавіна бока спарота,
як дам рогам —
адчыніся пад парогам,
як дам капытом —
адчыніся пад кутом,
рагамі закалю,
хвастом замяту,
нагамі затапчу.
Вожык пачуў, што — а, палавіна бока спарота, голы бок бяз кожы. Скруціўся ў клубочак — коць у норку. Як кальнуў ей у луплены бок, як выскачыць каза, як пабяжыць. Каза ўцякае, выскачыла, а сабакі за ёю ўслед. Яна пад мост, а сабакі пад мост і з ёю.