Каза-дзераза
Казкі пра жывёл
тэкст
ф. 8, воп. 77, спр. 129
аўдыё
ф. 20, воп. 77, ст. 38, № 61
Зап. Крук І. І. у 1977 г. у в. Чудзін Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл. ад Аўдоцці Захарчэні, 95 г.
Пра казу-дзеразу
Жыў дзед і баба. Быў у іх сын (мелі яны казу). Выпраўляе мачыха пастушка казу пасціць на такую траву. Яна есць, а ён ёй яшчэ падносіць. Пагнаў дадому.
— Моя ты коза, ці піў ты, ці еў?
— Перабег цераз папоў лясок ды ухапіў кляновы лісток, ды усего піта і яда.
Пачала мачыха глуміцца над пастушком. Дзед кажа:
— Пажану я сам.
Загнаў у такую траву, што не відно ні рук, ні вух. Яна есць, а ён яшчэ пхае. Наеў, прыгнаў і пытае. Каза адказвае бабе:
— Ні піла, ні ела. Перабегла цераз папоў лясок ды ухапіла кляновы лісток, ды ўсяго піта і еда.
Баба дае яму.
Раззлаваўся дзед і аблупіў бок ёй і пусціў.
Жыла ўдава са сваімі дзеткамі. Узяла каза да павыганяла іх. Плача ўдава, негдзе дзецца, ходзіць па дарозе. Ідзе воўк:
— Чаго ты плачаш, кумка-галубка?
— У маю хатку нехта ўлез. Мае дзеткі паеў і мяне хоча з’есці.
— Хадзем, я яго выганю.
Прывяла яна яго. Ён кажа:
— Адчыняй.
А каза:
— У мяне бок луплены, за тры грошы куплены. Вазьму я цябе і з’ем. (Схадзі, бо з’ем).
Іспугаўся воўк ды ўцёк. Яна пашла зноў па дарозе.
Ішоў дужы мядзведзь.
— Хадзем, я яго выжану.
Пайшлі. Ён кажа:
— Адчыняй.
А яна:
— У мяне бок луплены, за тры грошы куплены, я цябе з’ем.
І той пабег, не захацеў.
Пайшла. Паўзе рак, а яна плача. Рак пытае:
— Што ты плачаш, кумка-галубка.
А яна кажа:
— У маю хату нехта ўлез, мае дзеткі паеў і мяне хоча з’есці.
— Бяры мяне, нясі туды мяне.
Узяла яна яго і панесла. Пусціла яго ў шчэль. Ён узяў праз шчэльку ўлез. Да за той бок лапкамі як зачаў шчыпаць.
А яна кажа:
— Ні мяне, ні мяне.
Ды тыя дзверы адчыніў да і ўцякла.