...

Казка пра казу луплену

img

Казка пра казу луплену

Казкі пра жывёл

0:00 0:00

тэкст

ф. 8, воп. 77, спр. ---

аўдыё

ф. 20, воп. 77, ст. 39, № 5

Зап. Барташэвіч Г. А. у 1977 г. у в. Вялікі Рожан Салігорскага р-на Мінскай вобл. ад Сушкі Таццяны Тамашовай.

нумар

СУС 212

публікацыя

БНТ V, № 48

Пра казу луплену

Быў дзед і баба. У іх было тры дачкі: Ганна, Валя і Соня. І былі ў іх козы. Дзед кажа:
— Валя, гані козы.
Пагнала Валя козы, напасціла, напасціла, прыгнала. Дзед пагнаў іх у хлеў. Пайшоў пытаць. Узяў нажа, пайшоў пытаць:
— Козкі-розкі, ці пілі, ці елі?
— Не, дзедухно, не пілі, не елі. Толькі беглі цераз паноў лясок, ухапілі кляновы лісток, цераз грэбельку — ухапілі вады капельку.
Дзед тую Валю пабіў-пабіў, прагнаў.
— Гані ты ўжо, Ганна.
Пагнала ўжо другая, Ганна. Напасціла, ізноў гоніць. Прыгнала. Прыйшоў дзед пытаць:
— Козкі-розкі, ці пілі, ці елі?
— Не, дзедухно, не пілі, не елі. Толькі беглі цераз пановы лясок, ухапілі кляновы лісток, цераз грэбельку — вады капельку.
Дзед зноў набіў тую дачку, прагнаў. Пагнала трэцяя, Соня. Напасціла тых козаў, пагнала ў хлеў. Пайшоў дзед пытаць:
— Козкі-розкі, ці пілі, ці елі?
— Не, дзедухно, не пілі, не елі. Толькі беглі цераз пановы лясок, ухапілі кляновы лісток, цераз грэбельку — вады капельку.
Ён узяў і тую набіў. Няма ўжо каму пасці, пагнала баба. Напасціла, прыгнала, дзед пытае:
— Козкі-розкі, ці пілі, ці елі?
— Не, дзедухно, не пілі, не елі. Толькі беглі цераз паноў лясок, ухапілі кляновы лісток, цераз грэбельку — вады капельку.
Ён ужо і тую бабу набіў. Узяў сам наклаў спадніцу, хустку завязаў, убраўся ў бабскае, пагнаў сам. Напасціў, напасціў, прыгнаў і пытае:
— Ну, козкі, ці пілі, ці елі?
— Не, дзедухно, не пілі, не елі. Толькі беглі цераз паноў лясок, ухапілі кляновы лісток, цераз грэбельку — вады капельку.
Ён ужо за тую казу, узяў нажа да ў бок парнуў. Тая каза як пабяжыць ужо!
Была хатка ў лесе, да жыла лісічка ў гэтай хатцы. І ў тую хатку забегла каза, схавалася. Выйшла лісічка да плача. Бяжыць зайчык.
— Бабка лісічка, чаго ты плачаш?
— Нехта ў мяне ў хаце.
— Хадзем, — кажа, — я выжану.
— Не, — кажа, — ты не выжанеш.
Ён увайшоў ужо, заяц, увайшоў, так каза:
— А я каза Дарата, паўбока пачата, ножкамі туп-туп, вочкамі луп-луп. Хто ўвойдзець у хату — з’ем.
— І-і, — кажа зайчык, — баюся. Плача лісічка. Ідзе ліс.
— Лісічко-сястрычко, чаго ты плачаш?
— Нехта ў мяне ў хаце.
— Ой, — кажа, — хадзем я выжану.
— Не, — кажа, — не выгнаў заяц, і ты не выжанеш.
— Выжану!
Як ён увайшоў у хату, так каза:
— Хто-та ўхату ўвайшоў? —кажа. — Я каза Дарата, паўбока пачата, ножкамі туп-туп, вочкамі луп-луп. Хто ўвойдзець — з’ем.
І-і. І збаяўся і ліс. Ужо ідзе воўк да кажа:
— Лісічко-сястрычко, чаго ты плачаш?
Кажа лісічка:
— У мяне нехта ў хаце.
— Хадзем.
— Не, не выжанеіп і ты.
Увайшоў той воўк, каза ізноў:
— Хто ў гэту хату ўвайшоў? Я каза Дарата, паўбока пачата, ножкамі туп-туп, вочкамі луп-луп. Хто ўвойдзець — з’ем.
І воўк збаяўся. Паўзе рак. Паўзе рак да й кажа:
— Лісічко-сястрычко, чаго ты плачаш?
— Нехта ў мяне ў хаце.
— Хадзем, — кажа, — я выжаню.
— Ой, — кажа, — заяц не выгнаў, і ліс не выгнаў, і воўк не, а то ты выжанеш!
— Выжану!
Увайшоў у хату, каза кажа:
— Хто ў хату ўвойдзець — з’ем. А я каза Дарата, паўбока пачата, ножкамі туп-туп, вочкамі луп-луп. Хто ўвойдзець — з’ем.
А рак паўзе і яе за бок. Дак яна, гэта каза, з хаты пабяжыць, пабяжыць, да яе ваўкі схвацілі і з’елі тую казу.
А рак выгнаў, дак яна, тая лісічка:
— Ну, рачок, давай з табою жыць.
Ды стаў сабе рак з лісічкаю жыць. І цяпер жывуць і хлеб жуюць. І я там была, мёд піла, па барадзе цёк, а ў душы не быў.