Пра пеўніка і ліску
Казкі пра жывёл
тэкст
ф. 8, воп. 77, спр. 129
аўдыё
ф. 20, воп. 77, ст. 41, № 31
Зап. Барташэвіч Г. А. у 1977 г. у в. Пярэвалакі Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл. ад Вольгі Канстанцінаўны Сушка, 78 г.
Казка пра пеўніка і ліску
Быў коцік і быў пеўнік. То коцік пойдзе ў лес, а пеўніка пакіне ў хаце. А ліса прыедзе, да сюды-туды:
— Ідзе твая матка, вязе яец карабец.
Да гэтак пеўнік голаў пакажа, тады ліса за пеўніка да й панясла. Так ён:
— Коце-браце, нясуць жа мяне лісы
Да ў далёкія лясы,
Да ў глубокія норы.
Да адбярэ патом, да прынясе ў хатку, да пасадзіць ужо, да ізноў яму прыкажа, штоб глядзі, бо прыдзе, ізноў укра́дзе цябе. То ён ізноў, яна прыдзе, да якім способом то гетак, то гетак лашчыцца, выцягне зноў таго пеўніка да панясе. Ён ізноў:
— А коце-браце,
А нясуць мяне лісы
А ў далёкія лясы,
А ў глубокія норы,
Да ў глыбокія нетры
(да німа ладу што)
Ну, ізноў адбярэ. Далей патом украдзе, да задушыць.
От і ўся казка.