...

Як воўк сабаку выратаваў

img

Як воўк сабаку выратаваў

Казкі пра жывёл

0:00 0:00

тэкст

ф. 8, воп. 77, спр. 129 / (?) спр. 140

аўдыё

ф. 20, воп. 77, ст. 64, № 22

Зап. Барташэвіч Г. А. i Крук І. І. у 1977 г. у в. Вялікі Рожан Салігорскага р-на Мінскай вобл. ад Мікалая Ёсіпавіча Коўціка, 67 год.

публікацыя

БНТ V, № 20

Як воўк сабаку выратаваў

Жыў сабака. Пайшоў к воўку. Сабака кажа так:
— З’еш мяне.
— Што ж, — кажа воўк, — цябе есці? Ты худы.
— Ну што я зраблю. Хадзяін выгнаў, дзе ж я папраўлюся?
— Ідзі дадому, — кажа воўк, — і сядзі пад хатаю. Я прыйду. Кабан у твайго хадзяіна харошы. Ён выйдзе, я буду яго цягнуць, а ты адбярэш. Хадзяін цябе будзе карміць.
Ну і пайшоў, сеў пад хатаю. Воўк прыйшоў, за гэтага кабана.
А гэты сабака за гэтага воўка. Хадзяін выскачыў.
— Ай, — кажа, — каб цябе выдушыла, воўка.
Ну што. Атабраў.
— О, — кажа хадзяін, — трэба сабаку пакарміць.
Ну і стаў карміць ужо яго. Накарміў, выкарміў ужо гэтага сабаку. Прыходзіць воўк, кажа:
— От цяпер я цябе з’ем.
— Ой, што ты, не еш мяне. Як ён заколе кабана, што я атабраў, сабярэ гасцей і будзе спраўляць вечар, я цябе пазаву на гэты вечар. Ну і пазваў сабака воўка. Пазваў. А людзей поўна хата. І воўк прайшоў у хату туды, лёг пад стол. П’юць, гарэлку разліваюць. І воўк там. І воўк назбіраўся гэтай гарэлкі. Цяпер сабака кажа:
— Толькі ж ты маўчы.
— Не. Запяю ўжо.
— Не пой, — кажа, — бо заб’юць.
— Не заб’юць мяне!
Гэты воўк, як ужо выпіў трохі, паеў і давай па-свойму пець, як завыў. Тут закрычалі:
— Воўк! Воўк!
І давай, і забілі гэтага воўка. А сабака астаўся.