Казка пра лісу
Казкі пра жывёл
тэкст
ф. 8, воп. 79, спр. 166, № 2, арк. 2–3
аўдыё
ф. 20, воп. 79, ст. 26, № 25
Зап. Крук І. І. у 1979 г. у в. Ясенкі Добрушскага р-на Гомельскай вобл. ад Ганны Несцераўны Цупікавай, 1916 г. н.
нумар
ПП 1+2
публікацыя
БНТ V, № 1
Пра лісу
Жылі дзед і баба. Жылі яны ўдваіх. Дзед ездзіў за рыбкай часта. І стаўляў ён там кошыкі. Баба яго паслала:
— Едзь ты, дзедачка, натрусі ўжо рыбкі, а то я захацела.
Дзед паехаў, кошык вытрусіў, мароз вялікі, была ўюга. Едзе ціхенька, абкрыўшы. Вот табе ліса прытварылася і ляжыць ціхенька. Дзед і думае: «О, шчасце вялікае! Вазьму-ка бабе на варатнік». За яе, дзе рыбы натрусіў, і туды, у мяшок. Ляжыць ліса, лапамі прадрала мяшок, рыбку ўсю пабрасала і сама — скок! Была — да і няма. Дзед прыязджае, на бабу:
— Бабачка, ой я змерз, скарэй адпрагай каня і ідзі там рыбку забяры, я табе лісу прывёз на варатнік.
Бабка пайшла: ні лісы, ні рыбкі — нічога.
— Ай, дзед, ты дзед! Што ты, глупы, гамоніш, усё чыста, німа нічога.
Ну, так што ж дзелаць. Баба тая беднавала, беднавала, дзед пажурыўся, а ліса занесла рыбку дамоў. Прыходзе к ёй воўк і кажа:
— Кумка-галубка, дай-ка ты мне рыбінку хоць адну. У цябе пахне смачна ў хаце.
— А ідзі да налаві і будзеш рыбку есць.
— Дак як жа мне налавіць?
— А ідзі ў рэчку, там пелька, плацце пяруць бабы, ты ў пельку хвост пусці і кажы: «Лавіся, рыбка, вялікая і малая» — і табе наловіцца, усякія начапляюцца. Як стане важка, гэта ўжо цягні, што багата.
Ну, воўк пайшоў і цэлую ноч сядзіць. Хвост і прымёрз, думае: «Во ўжо багата схвачу».
Назаўтрага ўранні бабы ідуць плацце праць, а воўк у пельцы — прымёрз хвост. Яны пачалі каромысламі біць воўка:
— Біце воўка, калі лоўка!
І білі да тых пор, пакуль у яго хвост адарваўся. Бяжыць, з хваста кроў. Прыбег к лісіцы:
— Ах ты, лісічка, ты парамудрычка, што ты гэта, кумка-галубка, мне надзелала. У мяне ж ужо хваста няма.
— А не будзь дураком, да і знай, як лавіць. Я не вінавата.