...

Каза-дзераза

img

Каза-дзераза

Казкі пра жывёл

0:00 0:00

тэкст

ф. 8, воп. 79, спр. 166, № 15, арк. 27–30

аўдыё

ф. 20, воп. 79, ст. 42, № 7

Зап. Крук І. І. у 1979 г. у п. Прасвет Гомельскага р-на Гомельскай вобл. ад Соф’і Трафімаўны Паўлянковай, 1907 г. н.

нумар

АА = ПП 212 = К 2015

Каза-дзераза

Жыў дзед і баба. Былі ў іх унучачка і ўнучык. Былі ў іх козы. Дзед і кажа :
Унучык, гані коз сваіх пасці.
Унучык і пагнаў. Пас-пас, пас-пас, прыганяе дамоў, а дзед пайшоў ды й пытае:
Як, козы мае любыя, ці пілі, ці елі?
Не, дзедка, не пілі, ня елі. Беглі чэраз масток, узялі адзін лісток,
беглі чэраз крынічку, узялі капку вадзічкі. І аб том, дзедка, жывы.
Дзед за ўнучака — пад карыта.
Гані, унучачка.
Пагнала ўнучачка. Пасла-пасла, і па лугах і па карчах ганяла, і па гарах, і вадзічкай напаіла. Гоніць дамоў.
Дзед зноў пытае:
Як, козы любыя, ці пілі, ці елі?
Не, дзедка, не пілі, не елі. Беглі чэраз масток, ухапілі кляновы
лісток, — аб том, дзедка, жывы.
Дзед за ўнучку — пад карыта.
Гані, баба.
Пагнала баба. Пасла-пасла, усюдых ганяла: і па траўцы, і па мураўцы, і вадзічкай напаіла, і па корчыках паганяла. Гоніць дамоў. Дзед зноў вышаў наперад, пытае :
Козы любыя, ці пілі, ці елі?
Не, дзедка, не пілі, не елі. Беглі чэраз масток, ухапілі кляновы
лісток, беглі чэраз крынічку, узялі ложачку вадзічкі — аб тым, дзедка, жывы.
Дзед за бабу:
Садзісь, баба, пад карыта.
Пагнаў сам. Пас-пас, пас-пас. Гоніць. Надзеўся ўжэ ў бабіну адзежу, а тады забег наперад, як прыгнаў дамоў іх, і пытае:
Козы любыя, ці пілі, ці елі?
Не, дзедка, не пілі, не елі. Беглі чэраз масток, узялі кляновы лісток,
беглі чэраз крынічку, узялі адну ложачку вадзічкі — аб тым, дзедка, і жывы.
О, дак ты брахлівая. Вылазь-ка баба і ўнучка з-пад карыта.
А за казу, давай рэзаць. Зарэзалі. Зламаўся нож. Пашлі каваць. А каза тая атарвалася і пабегла ўцякаць. Прыбегла ў зайчыкаву хатку і ляжыць. А зайчык не замыкнуў хаткі, пайшоў гуляць. Прышоў, аж ў хатцы хтось ё.
Хто ў маёй хатцы?
Я, — каза-дзераза! У мяне бок аблуплены, за тры грошы куплены.
Як дам рогам, будзеш пад парогам, а дам капытом, будзеш пад
мастом. А мой хвост як зубец, як дам, табе будзе канец.
Пабег зайчык. Сеў, плача. Ідзе воўк.
Чом, зайчык, плачаш?
Хтось у маёй хатцы ёсць.
Хадзем, я выганю.
Хадзем.
Прышлі:
Хто ў зайчыкавай хатцы?
Я – каза-дзераза! У мяне бок аблуплены, за тры грошы куплены. Як
дам рогам, будзеш пад парогам, а дам капытом, будзеш пад кутом. А мой хвост як дубец, як дам, табе будзе канец.
Воўк пабег уцякаць. Зайчык шчэ сільней стаў плакаць. Сеў і сядзіць, ізноў плача. Ідзе мядзведзь.
Чаго ты, зайчык, плачаш?
Хтось у маей хатцы ё.
Хадзем, я выганю.
Ой, воўк гнаў-гнаў, ня выгнаў.
Ну, а я выганю.
Прышлі:
Хто ў зайчыкавай хатцы ё?
Я – каза-дзераза! У мяне бок аблуплены, за тры грошы куплены. Як
дам рогам, будзеш пад парогам, а дам капытом, будзеш пад кутом. А мой хвост як дубец, як дам, табе будзе канец.
Мядзведзь пашоў уцякаць. Зайчык шчэ сільней плача. Ляціць пчала і певень.
Чаго ты, зайчык, плачаш?
Ой, хтось у маёй хатцы ё.
Хадзем, я выганю!
Ой, воўк гнаў-гнаў, не выгнаў, мядзведзь гнаў-гнаў, ня выгнаў, ты не
выганішь.
А мы выганім.
Ну, хадзіце.
Прышлі.
Хто ў зайчыкавай хатцы?
Я – каза-дзераза! У мяне бок аблуплены, за тры грошы куплены. Як
дам рогам, будзеш пад парогам, дам капытом, будзеш пад кутом. А мой хвост як дубец, як дам, будзе табе канец.
Пчала тая, а певень: «Ку-ка-рэ-ку, я іду, касу нясу. Казе галаву адсяку».
Каза тая з печы ўцякаць. Як пабегла, а тут унук і дзед, схапілі казу, прывялі, зарэзалі, аблупілі, мяса нажарылі, наеліся. І ўсё.