Як лісічка па бабцы плакала
Казкі пра жывёл
тэкст
ф. 8, воп. 75, спр. 109, № 9, арк. 31–32
аўдыё
ф. 20, воп. 75, ст. 7, № 2
Зап. Барташэвіч Г. А. ў 1975 г. у в. Магільнае Уздзенскага р-на Мінскай вобл. ад Цыбульскай Лідзіі Міхайлаўны, 1927 г. н.
нумар
СУС 154 = АА*154 І
публікацыя
БНТ V, № 36
Як лісічка па бабцы плакала
Жыў дзедка з бабкаю, не было ў іх дзяцей. Састарыліся яны. Бабка нешта захварэла і памерла — і не было каму плакаць па ёй.
Дзедка думае: «Трэба ж паплакаць па пакойніку, каго дзе наняць. Пайду лісічку найму».
Прыйшоў ён у лес, сустрэў лісічку, кажа:
— Лісічка, лісічка, мо б ты па маёй бабцы паплакала? Няма ў нас ні сыноў, ні дачок, няма каму па ёй плакаць.
— А што ж ты мне дасі?
— Дам мех курэй.
— Ну добра, прыйду паплачу.
Так гэтую бабку адзелі, палажылі, прыйшлі людзі і лісічка прыходзіць. Прыйшла лісічка, села ля бабкі і плача:
— Туру-туру, бабушка, туру-туру, Варварушка! Няма ў цябе ні сыноў, ні дачок, няма па табе каму плакаць.
Плакала яна гэтак і ў хаце, і як выносілі бабку плакала, і на могілках плакала. Пахаранілі бабку. Прыйшла лісічка дадому к дзеду ды кажа:
— Давай жа ж, дзед, мне мяшок курэй.
Дзед кажа:
— Ну што ж, бярэм мяшок, хадзем лавіць.
Налавілі мяшок курэй ёй, нясе тая лісічка. Дзед ёй, праўда, трохі памог да лесу, а после ўжо лісічка сама панесла. Тут, бачыць, сабакі напаткаліся на яе. Яна бягом, кінула той мяшок, тыя куры паразляталіся. А лісічка бягом, ускочыла ў норку і кажа:
— Вушкі мае, вушкі! Вы як слыхалі, каб нас сабакі спаймалі?
— Не, мы так слыхалі, каб нас сабакі не спаймалі.
— Ножкі мае, ножкі! А вы як бяжалі?
— Мы так бяжалі, каб кас сабакі на спаймалі.
— Вочкі мае, вочкі! А вы як відалі?
— Мы так бяжалі, каб нас сабакі не спаймалі.
— Хвосцік мой, хвосцік! А ты як віляў?
— А так віляў, каб мяне сабака спаймаў.
Тая лісічка высунула з нары хвосцік і гукнула:
— Сабакі, сабакі, наце лісіччын хвосцік!
Тут набеглі сабакі, схвацілі лісічку за хвост, хвост адарвалі, лісіцу разарвалі. І ўсё. Канец лісіцы. А куры пазбягаліся к дзеду зноў дадому.