...

Пра сабаку і воўка

img

Пра сабаку і воўка

Казкі пра жывёл

0:00 0:00

тэкст

ф. 8, воп. 82, спр. 201, № 12, арк. 28–29

аўдыё

ф. 20, воп. 82, ст. 29, № 14

Зап. Крук І. І. у 1982 г. у в. Дзёрнавічы Нараўлянскага р-на Гомельскай вобл. ад Марыі Сцяпанаўны Антоненка, 1925 г. н.

нумар

СУС 101 + 100

Пра сабаку і ваўка

У хазяіна была сабака. Дажыла ўжо да старасці, стала эта сабака саўсем старой. Брахаць не магла ўжэ, не сцерагла двара. Сабе ляжыць пад заборам, моўчачкі. Пададуць есці, дак яна паесць, а не, то і так ужо ляжыць. Дажыдала ўжо свайго дня. Ну, і рашыў хазяін выгнаць яго, этаго сабаку. А ў хазяіна была нявестка і малое дзіця. Адправілі яе ў поле жыта жаць. А калісьці ж хадзілі і бралі з сабою калыску з дзіцям. Прынесла хазяйка дзіця на поле, стала жыта жаць. Нажала сноп жыта, палажыла дзіця пад снопам. І сабака прышоў за ею ўслед.
А сабака ў гэтае ўрэмя ўстрэціўся з воўкам і воўку абіжаецца, што выгнаў мяне хазяін, не магу я цяпер ужо сам сябе пакарміць.
— Памажы мне пражыць.
— Я, — кажа, — табе памагу.
— А як?
— Вон, — кажа, — нявестка тваго хазяіна жне жыта, я пайду ўкраду
дзіця, а ты будзеш бегці, на мяне будзеш брахаць, я дзіця астаўлю. І так цябе вернуць дадому.
Ну, і зрабілі. Дагаварыліся так, прыходзяць. Сабака іздалі ляжыць ад дзіцяці, ад снопа. Воўк прыбягае пад сноп, хапае дзіця ў пялёнках, ва ўсём і нясе. Сабака ўслед за воўкам. Як начала брахаць да вішчаць, да начала крычаць па-сабачы. Ну, і тут нявестка аглянулася назад — воўк панёс дзіця. Яна бяжыць, крычыць, яна бяжыць, крычыць, яшчэ сабакай цкуе. Сабака бяжыць услед за воўкам.
Воўк пабачыў, што ўжо нявестка блізка, узяў ды палажыў тое дзіця акуратненька. Нявестка прышла, забрала дзіця. Прыласкала сабаку к сабе, прывяла дадому. Свёкар на яе шчэ начаў ругацца:
— Зачэм ты яго прывяла? Нашто ён нам? Ён ужо нам не патрэбен, ён
двара ўжо не сцеражэ, не лае.
Яна давай яму расказваць, што ён жа выратаваў нашае дзіця. Што б не ён, дык ваўкі б з’елі.
Ну, рашылі так дзяржаць сабаку дальша. Вот аднажды ўстрачае воўк сабаку.
— Ну, як табе жывецца?
— Ох, — кажа, — мне цяпер ужо вельмі добра жывецца. Тут, — кажа,
— у майго хазяіна заўтра будзе свадзьба. Ты прыходзь ка мне, я цябе ўгашчу.
— А як жа ты ўгосцішь?
— Мы зайдам ціхенька пад печ і там пад печ’ю будзем сядзець. Я табе і
водкі туды дам, і закускі — усяго. Ты толькі штоб маўчаў.
— Добра, — кажа.
Вот і прыходзіць воўк назаўтра. Забраліся яны пад печ, сядзяць. Краз свадзьба за сталом сядзіць, п’юць, гуляюць. Сабака падойдзе, костак набярэ, пад печ занёс. Водкі з стала ўзяў, занёс. Даў воўку. Выпіў, воўк сабе сядзіць, есць. Ну, тут ужо гэтыя прыглашоныя свадзебныя запелі з п’янага вока. А воўк сядзіць пад печчу да кажа:
— Не вытрымаю і я заспяваю.
— Сядзі, — кажа, — дурань, маўчы, бо прадасі сам сябе і мяне. Выганяць
нас адсюль.
— Не, — кажа, — не вытрымаю, заспяваю.
Усе за сталом спяваюць, а ён сабе тожа пад печ’ю давай спяваць. Ну, тут іх узялі і выгналі. Разаблачыў воўк, не вытрымаў.