...

Пра неразумнага воўка

img

Пра неразумнага воўка

Казкі пра жывёл

0:00 0:00

тэкст

ф. 8, воп. 89, спр. 244, сш. 2, арк. 11–12

аўдыё

ф. 20, воп. 89, ст. 21, № 6

Зап. Сысоў Ул. М. у 1989 г. у в. Якубава Расонскага р-на Віцебскай вобл. ад Ганны Міронаўны Авасёнак, 1924 г.н.

Пра неразумнага воўка

Стары галодны воўк выйшаў на поле. На полі хадзілі авечкі, а пастух спаў. Выбраў воўк самага большага Барана-рагуля́ і кажа яму:
— Баран-баран, я цібе з’ем.
— Што ж, — кажаць, — воўча, такая мая доля, еш. Толькі што б не ламаць табе зубы аб мае старыя косці, ты стань у лагчынке, разнімі рот, а я ўзбягу на горку, ды ўскочу табе цалкам у горла.
Стаў воўк у лагчынке, разняў рот. Баран узбег на горку, разагнаўся — ды й трах яму ў лоб. Перакуліўся воўк разы тры, аж іскры з вачэй пасыпаліся. Пайшоў далей.
Ішоў воўк, ішоў, выйшаў на палянку. На палянке ходзіць конь.
— Конь-конь, я цябе з’ем.
— Што ж, воўча, такая мая доля, еш. А штоб не ламаць табе зубы аб мае падковы, знімі з ног падковы.
Сагнуўся воўк каня раскоўваць. Конь яму — трах нагой у зубы. Пайшоў воўк падальшэ. Ішоў-ішоў, каля рэчкі ходзяць гусі.
— Гусі-гусі, я Вас з’ем.
— Што ж, — кажуць, — воўча, еш. Толькі ж што б нам было весялей на той свет ісці, пайграй нам перад смерцю, а мы паскачам.
Сеў воўк на купі́нку, закінуў галаву і давай выць. Гусі крыллямі замахалі і паляцелі.
Пайшоў воўк дальшэ. Ішоў-ішоў прыйшоў к дзярэўні. Дзе саседзі бульбу хавалі, рыецца свіння.
— Свіння-свіння, я цібе з’ем.
— Што ж, — кажаць, — воўча, еш. Толькі ў міне дзеткі маленькія дома, пусці пакарміць паследній раз.
— А ты прыйдзеш?
— Прыйду.
Пашла свіння дамой, пакарміла дзетак, прыйшла. Паслала саломкі каля ямы, пасадзіла воўка.
— Я, — кажаць, — грэшная свіння, паспавідай ты міне перад смерццю.
Ну, й стаў ён яе спавідаць.
— Ты грэшная свіння?
— Ох, грэшная.
— Ты ў гароды лазіла?
— Ох, лазіла.
— Чужых свінней кусала?
— Ох, кусала.
Не дакончыў воўк казання казаць, свіння яго рылам штурхае, ён — бабух у яму. Свіння прышла ў дзярэўню, заявіла ахотнікам. Прыйшлі і ваўка застралілі.