...

Пра бабу, дзеда і лісу

img

Пра бабу, дзеда і лісу

Казкі пра жывёл

0:00 0:00

тэкст

ф. 8, воп. 93, спр. 270, сш. 3, арк. 7

аўдыё

ф. 20, воп. 93, ст. 3, № 1

Зап. Сысоў Ул. М. у 1993 г. у в. Оршаль Старадарожскага р-на Мінскай вобл. ад Марыі Макараўны Дамарад, 1933 г.н.

Пра бабу, дзеда і лісу

Жыў дзед і баба. У іх была лошадзь. Баба й кажа:
— Едзь, дзед, мне ў лес і заедзь на раку, і налаві мне рыбы, і прывязі варатнік.
Дзед пайшоў, запрог каня, сабраўся і паехаў. Заехаў на возера і стаў лавіць рыбу. Налавіў цэлы мяшок рыбы і едзе дадому. Сустракае воўк і гаворыць:
— Дзед, дзед, дзе ты лавіў рыбу?
Дык ён гаворыць:
— Дзе? На возеры.
— Ну, дык скажы мне, дык і я пайду налаўлю. Як яе лавіць?
Дык ён і гаворыць:
— Ідзі, прасячы апельку[footnoteRef:1], усадзі хвост і лаві рыбу. [1: Пелька (літ. форма)]

Ну, і пайшоў воўк туда ўжэ, на возера, і засадзіў сабе хвост, і прасядзеў ноч. Хвост зам’ёрз і не налавіў рыбы.
А дзед сваю рыбу, што налавіў, забраў, палажыў на воз і едзе дадому. Едзе дадому, глядзіць на дарозе ляжыць ліса. От дзед гаворыць:
— Баба сказала, што б ёй прывёз варатнік, вот і гатоў варатнік.
Дзед злез з возу, узяў лісу за хвост і палажыў на сані, і едзе дадому. А ліса ляжыць ззаду, ды і глядзіць. Дзед «но-но!» паганяе каня, а ліса разарвала мяшок і эту рыбу выцягае, і выкідае на дарогу, і выкідае. І выкідала ўсю рыбу.
Прыязджае дзед дадому ды і гаворыць:
— Баба, адкрывай вароты, я ж налавіў табе рыбы і варатнік.
Баба бяжыць і скарэе ўжэ адкрывае вароты. А дзед паганяе каня, прыгнаў у двор. А баба гаворыць:
— Дзед, дзед, дзе ж твой варатнік?
А дзед гаворыць:
— У мяне німа на вазу ні варатніка і ні рыбы.
І ўсё.