...

Стары сабака

img

Стары сабака

Казкі пра жывёл

0:00 0:00

тэкст

ф. 8, воп. 74, спр. 91а, стос 1, № 28, арк. 39–40

аўдыё

ф. 20, воп. 74, ст. 29, № 3

Зап. Салавей Л. М. у 1974 г. у в. Хальнявічы Крупскага р-на Мінскай вобл. ад Надзеі Кірылаўны Красняковай.

публікацыя

БНТ V, 19

Стары сабака

Жыў хазяін, быў у яго сабака. Як быў ён малады сабака, яму дабро сцярог, на начлег хазяін вадзіў, ён коней сцеражыў. Хазяін яго добра глядзеў, карміў. Ну, састарыўся той сабака. Не стаў жалець хазяін сабаку. Есці яму не стаў даваць, узяў саўсім з двору прагнаў яго. Ідзець сабака дарогаю, ідзець, ідзець. Увайшоў у лес, сустракаіць ваўка. Воўк спрашваіць:
— А куды ты ідзеш гэта?
— Іду, сам не знаю куды ісці. Жыў у хазяіна. Як быў малады, я яму дабро сцярог, я яму коней бярог, а цяпер пастарэў. Прызнацца, ужо глухі стаў. Ён мяне ўзяў, есці не даў і са двара сагнаў. Іду, не ведаю куды.
— Ай, дурны ж які! Вярніся ты назад. І вот у вас жа многа жанок, дзве нявесткі. Яны пойдуць жаць, а ў адной дзяцёнак малы ёсць. А жнеі з сабой дзяцей носяць на поле. Вот яны пойдуць, а ты тады за імі ўслед ідзі. Яны паставяць таганы, павесяць люльку, паложаць дзяцёнка. А ты за імі ўслед ідзі, ляж каля люлькі і ляжы. Вот яны атажнуцца, а я прыду і дзяцёнка з люлькай буду цягнуць. А ты брашы і за мной, ганіся за мной. А я буду цягнуць гэту люльку з дзяцёнкам. Вот тады ўвідзіш, як палучыцца.
Ну вот, прыйшоў дамоў гэты сабака, вярнуўся, лёг каля клеці і ляжыць. А хазяін глянуў:
— Во, прыцягнуўся яшчэ, не відзелі цябе. Ідзі з двору!
А ён ляжыць ціхенька. А бабы печ топяць, бліны пякуць, яечню тутацька. Ладзяць сабе ўжо абед, гаршкі тут паліваюць, ложку звязваюць. І з дзяцёнкам і з гэтым тут спяленаюць яго, адна тут таганы на плечы, люльку гэту, дзяцёнка нясуць, усё гэта, гаршкі з сабой бяруць, ідуць. А сабака за імі ціхенька ідзець ззаду. Прыйшлі, таганы паставілі, люльку павесілі, дзяцёнка ў люльку палажылі, закалыхалі, закрылі, каб жа мухі не кусалі. Ну, самі сталі жаць. А сабака лёг каля люлькі, ляжыць ціхенька скруціўшыся. Вот яны жнуць, і жнуць, аджаліся далёка. І слухаюць — дзяцёнак спіць, не плачыць. А тут адкуль ні ўзяўся — воўк! Ды за гэтую люльку, ды цягнуць дзяцёнка з люлькай! А сабака за ім:
— Гаў-гаў-гаў, гаў-гаў-гаў!
Глянулі бабы.
— А божа ж мой! Воўк дзяцёнка! А-ай, воўк, воўк дзяцёнка павалок!
Яны з сярпамі за ім! Ну, воўк кінуў дзяцёнка з люлькай, пакінуў. Ай, яны сабаку тады:
— А божа мой, а божа мой! А божа мой, каб жа не ты, з’еў бы дзяцёнка.
Яны яго ўзялі накармілі, есці далі. Ну, дадому вечарам прыходзяць. Будуць казаць:
— Ай, стары ты бацька, што ты гэта здзелаў! Каб жа не сабака, дык наш ба б дзяцёнак! Хто знаець, ці з’еў воўк, ці занёс бы куды-небудзь. Мы ж аджаліся далёка, а ён жа ляжаў каля люлькі. Адкуль ні ўзяўся воўк — ды за люльку з дзяцёнкам! А сабака як стаў брахаць, мы ж пачулі, дык чуць адбаранілі. Ай, божа мой! Цяпер жа ж будзем жалець яго, сабаку, будзем карміць.
І стаў з тых пор стары сабаку апяць жалець і карміць.