Кот і лясныя звяры
Казкі пра жывёл
тэкст
ф. 8, воп. 74, спр. 91а, стос 1, № 30, арк. 47–48
аўдыё
ф. 20, воп. 74, ст. 29, № 5
Зап. Салавей Л. М. у 1974 г. у в. Хальнявічы Крупскага р-на Мінскай вобл. ад Надзеі Кірылаўны Красняковай, 1901 г.н.
публікацыя
БНТ V, № 24
Кот і лясныя звяры
Жыў у чалавека кот. Ну, жыў-жыў ён, жыў-жыў. А тады стаў збродуваць, паеў смятану. Чалавек узяў яго пабіў і прагнаў. Ідзець кот дарогай, ідзець кот шырокай. Ажны сустракаіць лісу.
— Куды ж ты выправіўся гэта, Катафеіч?
— Ай! У хазяіна жыў, смятану паеў, дык вот пабіў, прагнаў мяне. Іду куды вочы глядзяць.
— Ай, хадзі ты са мной. У мяне ж свой домік ёсць. Мы будзем з табой жыць.
— Ну, добра, сагласен, пайду.
Ну, ідуць яны, ідуць, ідуць. Прывяла яна яго ў свой домік. Аставіла, а сама пабегла. Бяжыць дарогай, лесам. Бяжыць, бяжыць, бяжыць, ажна ідзець воўк.
— Хо, куды ж ты выправілася, лісічка-сястрычка?
— Ай, знаеце, я ў хутар выправілася. К нам жа ж прыслалі із сібірскіх лясоў цара. Дык я бягу ўсім звярам аб’явіць, хто ў нашых лясах цяпер будзіць цар ужо.
— Ой, а як бы гэта паглядзець яго?
— О, нада падарак несці.
— А што несці?
— Барана.
— Ну, добра.
Далей пабегла. Бяжыць, бяжыць, бяжыць, мядзведзь ідзець.
— Куды гэта ты, кума, выправілася? Так шыбка бяжыш.
— Ой, я ж бягу ўсім звярам аб’явіць: у нашы лясы прысланы із сібірскіх лясоў цар. Дык вот іду аб’явіць, што ў нас цар січас будзіць.
— О-о, а як бы яго ўвідзець?
— Падарак нада несці, гасцінца.
— А што?
— Быка.
— Ну, добра.
Вот сама прыбегла і сядзяць яны ў доміку. Валачэць воўк барана, а мядзведзь быка. Выскачыла ліса.
— А дзе палажыць? — пытаюцца яны.
А яна:
— Вот тут, вот тут, у дзвярах лажыце.
Воўк гэта барана палажыў, а мядзведзь быка.
— А дзе ж нам дзецца?
Мядзведзь палез на дуб, а воўк думаіць: «А мне дзе?»
А тут якраз хворасту груд бальшы ляжаў. Ён думаіць: «Я пад хвораст». Падлез пад хвораст і сядзіць. Ліса адчыніла дзверы, а кот гэты як накінуўся на мяса і ўсё дзярэць яго, есць усё ды: «Мяў-мяў-мяў-мяў-мяў!»
А мядзведзь на дубе сядзіць, яму відна. Будзіць казаць:
— О-о! Хош мал, ды пражорлівы. Столькі мяса, а ён усё: «Ма-ла, мала, мала!» Ого.
А воўку не відна. Як жа яму ўвідзець? Ён тады — шам-шам-шам адкрываіць вецце гэта, сучча, каб яму паглядзець. А кот пачуў, ён думаў, што там мыш. Ён прыг на тый груд! А воўк як спужаўся, ды з-пад груду! А кот спужаўся, ды на дуб! А мядзведзь спужаўся, ды з дубу чмяк далоў, зваліўся! Мядзведзь ходу, воўк за ім. Спужаліся ўсе, пабеглі. А кот з лісой балююць, ядуць мяса.