...

Кот, сабака, заяц і ліса

img

Кот, сабака, заяц і ліса

Казкі пра жывёл

0:00 0:00

тэкст

ф. 8, воп. 74, спр. 91а, стос. 1, № 32, арк. 49–51

аўдыё

ф. 20, воп. 74, ст. 29, № 8

Зап. Салавей Л. М. у 1974 г. у в. Хальнявічы Крупскага р-на Мінскай вобл. ад Надзеі Кірылаўны Красняковай, 1901 г.н.

публікацыя

БНТ V, № 6

Кот, сабака, заяц і ліса

Ну, былі ў хазяіна кот, сабака, заяц і ліса. Кот узяў ды смятану паеў. А сабака авечку паклычыў, так паклычыў, чуць жыва яна асталася. Ліса гусей падушыла. А заяц капусту паеў. Усердзіўся хазяін, узяў прагнаў іх проч.
— Ідзіця, хош у вір галавой!
Вот яны ідуць, ідуць, ідуць. Прыйшлі ў лес, ажны ад дарогі яма і жардзінка такая нешырокая ляжала, як кладачка. А ліса хітрая. Яна будзіць казаць:
— Вот хто цераз гэтую жардзінку пярэйдзіць, той будзіць шчаслівы.
Заяц па крэнду прыг, прыг, прыг! Пайшоў. А сабака тады пайшоў шавыр-шавыр — чмяк у яму. Ляжыць. Ну, кот тожа бег, бег, тожа ў яму. Не прабег і кот. А ліса, яна думала пярэйдзіць. Яна бегла, бегла скоранька, тожа ў яму паляцела. Ну, сядзяць у яме. Сядзелі, сядзелі, сядзелі, сядзелі. Есці ж хочацца. Тады ліса будзіць казаць:
— Давайце будзем піяць. І хто грубым голасам запяець, таго будзем есці.
Вот кот замяўкаў гэты, а сабака як завыў, завыў, а ліса тоненькім голасам. Узялі ды сабаку з’елі. Апяць есці хочацца.
— Давай будзем і з табой піяць.
Тоненька завяла, тоненька ліса. А кот грубейшым голасам. Яна і ката з’ела. Ну сядзіць, сядзіць, а вылезці ніяк. Яма глыбокая. Скакала, скакала — ніяк. Вот чуіць па дарозе сані скрыпяць. А гэта было зімой. Што дзелаць? Яна ж хітрая, узяла лягла, выцягнула галаву, адкінула — прытварылася мёртвай. Ажны гэтай дарогай едуць рыбакі. Вот адзін рыбак там.
— Падажджыце, — гаворыць, — я тут пруцік адламлю сабе, нада каня падагнаць.
Толькі сюда падышоў ён, тут кусце гэта арэшанавая стаяла, ён хацеў пруцік ламаць, а тут жа яма.
— Ой, падажджыце, хлопцы, астанавіце коней! Ліса тут нежывая, хадзіце дастанем скарэй!
Вот яны дзве жардзіны звязалі, такую шчамёлку здзелалі, ушчамілі гэтую лісу. Ну, на задні воз ускінулі, там рыба была на заднім вазу. Самі ідуць каля пярэдніх каней, гавораць. А ліса аджыла, давай рыбу цягаць ды на дарогу кідаць. Пакідала рыбу ўсю, пакідала, саскочыла сама. А рыбакі паехалі.
Прыехалі рыбакі дамоў. А рыбак будзіць казаць:
— Ой, жонка, які я варатнік харошы прывёз!
Пайшоў, на вазу ажны ні рыбы, ні варатніка — нічога німа.
А ліса сабіраіць рыбу ды носіць пад ёлку, сабіраіць і носіць пад ёлку. Нанасіла, нанасіла цэльны груд. Сядзіць, есць, есць рыбу. Ажны ідзець воўк.
— Кумка-галубка, а што ты ясі?
— Рыбку.
— А дзе ты брала?
— Ха, дзе брала! Ідзі вон у прорубку хвост улажы і кажы: «Рыбка-акунёк, бярыся за хвасток і малая і вялікая». І сядзі, пакуль яна не набярэцца. І ты тады будзеш есці. Наловіцца, і будзеш есці.
Вот ён пайшоў у прорубку, найшоў прорубку. Сеў, палажыў хвост.
— Рыбка-акунёк, бярыся за хвасток і малая і вялікая, рыбка-акунёк, бярыся за хвасток і малая і вялікая!
А тут сяло недалёка. Ліса прыбягаіць у самую крайнюю хату. Жонкі там бліны пякуць.
— Жоначкі-лябёдачкі, хуценька бярыце качоргі, чапёлы. Воўк прымёрз, бяжыце ваўка біць!
Ай, кінулі бліны печ, скарэй пахваталі качоргі і пабеглі ваўка біць. Пакуль яны прыбеглі, воўк атарваўся. А яна тым часам блін пракусіць ды на шыю, блін пракусіць ды на шыю, а цеста астальное ўзяла на галаву ўзліла — пабегла. Прыбегла, села, сядзіць. Бліны ўжо паела. А то ўсё лапай па галаве — лізь, лізь, лізь, лізь, капыль па галаве — лізь, лізь, лізь, лізь. Ідзець воўк.
— Кумка-галубка, а што ты ясі?
— Мазжэчкі.
— А дзе ты брала? Дай мне паспытаць, ці смашныя. Яна капыль па галаве. Дала яму лапу сваю аблізаць. Ён лізь.
— О-о, дык жа ж смашныя!
— Хм, дзе брала. Во аб елку гэту во разганіся, дайся галавой, у цябе мазжэчкі пацякуць і ты будзеш.
Вот ён разагнаўся — як даўся галавой!
— Ай, нада ж далёка адысціся да крэпка ўдарыцца.
От ён адышоўся далёка. Як разагнаўся, як даўся галавой! І забіўся. Ліса і ваўка з’ела і мазгі яго з’ела. Во, хітруха якая.