...

Галодны воўк (Воўк-дурань)

img

Галодны воўк (Воўк-дурань)

Казкі пра жывёл

0:00 0:00

тэкст

ф. 8, воп. 84, спр. 226, арк. 115–117, № 25

аўдыё

ф. 20, воп. 84, ст. 11, № 10

Зап. Барабанава Л. П. у 1984 г. у в. Праскурні Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. ад Анастасіі Харытонаўны Маркаўцовай, 1919 г.н.

нумар

СУС 122 А + 122 В* + 122 М*

публікацыя

БНТ V, № 30

Воўк-дурань

Ішоў воўк, стары галодны воўк. Зайшоў ён у лес: ходзіць конь.
Ходзіць конь у балоце, і воўк падышоў.
— Конь, конь, я цябе з’ем.
— Ну што ж, пане воўча, такая мая доля, еш.
— Бо я галодны, як які сабака.
— Ну што ж, пане воўча, такая мая доля. Толькі знімі падковы з маіх ног, бо паломіш свае зубы.
— Ну, ладна, конь.
Стаў воўк ізнімаць падковы з каня, а конь як трахнуў капытом, дак воўк тры разы перакаціўся, аж іскры з яго пасыпаліся. Падняўся воўк, пайшоў далей.
Ходзяць гусі каля рэчкі.
— Гусі, гусі, я вас паем.
— Ну што ж, пане воўча, еш. Такая наша ўжо доля. Паіграй нам перад нашай смерцю, мы патанцуем.
Воўк узяўся на купінцы іграць:
— Ау-у, ау-у, ау-у-у-у!
А гусі лапу-лапу, лапу-лапу — і ўляцелі. Воўк падняўся, паглядзеў — і нет нічога.
Падходзіць ён к вёсцы: пасціць пастух авец. Ён у стада ўвайшоў, выбраў сабе найлучшага барана.
— Баран, баран, я цябе з’ем.
— Ну што ж, пане воўча, такая мая доля, еш. Толькі ты стань у лагчынцы, а я пайду на грудок стану. Я як буду бегчы, так табе цалкам у рот ускочу. Ну, воўк сагласіўся. Баран як бег, як даў воўку гэтаму, дак воўк перакаціўся ў тры разы і барана не з’еў.
Даходзіць воўк далей. Каля вёскі такі вот зараснічак. Там свіння ходзіць. Ён і к свінні падходзіць.
— Свіння, свіння, я цябе з’ем, бо я галодны, як які сабака.
А свіння адказвае:
— Ну, што ж дзелаць, воўча? У мяне ж маленькія дзеткі дома.
— А, твае дзеткі ўжо без цябе абойдуцца. Я цябе з’ем.
— Ну што ж, пане воўча, я ж вельмі грэшная. Паспавядай мяне.
Пасадзіла свіння воўка каля ямы на саломцы. Воўк ужо давай свінню спавядаць:
— Свіння, чужых свіней кусала?
— Кусала.
— У чужы гарод лазіла?
— Лазіла.
— Там яшчэ што дзелала?
— Дзелала.
І воўк не ўспеў даказаць, як свіння лычам штырханула воўка. Воўк падляцеў уверх і ў яму ўпаў і галосіць:
— Ау-у, ці я той каваль, што каня каваў? Ау-у, ці я той музыка, што гусям іграў? Ау-у, ці я той глыток, што барана глытаў? Ау-у, ці я той спаведнік, што свінню спавядаў? Ау-у!
Прыйшлі людзі і воўка каламі забілі.
І ўсё.