...

Піражок

img

Піражок

Казкі пра жывёл

0:00 0:00

тэкст

ф. 8, воп. 75, спр. 109, № 10, арк. 33–35

аўдыё

ф. 20, воп. 75, ст. 7, № 3

Зап. Барташэвіч Г. А. ў 1975 г. у в. Магільнае Уздзенскага р-на Мінскай вобл. ад Лідзіі Міхайлаўны Цыбульскай, 1927 г. н.

нумар

СУС 2025 = АА*229 (частк.) + 152

публікацыя

БНТ V, № 40 – казка згадваецца ў варыянтах

Піражок

Паехаў дзедка ў мельніцу, намалоў мукі, бабка спякла піражок. І кажа на дзедку:
– Ты ж пілнуй піражок, бо ён ужо ў печы сядзіць і ўжо так падходзіць, што зараз гатоў уцячы. А я палезу на гару, дастану яічак, каб памазаць яго, як ён спячэцца, каб жа лепш блішчаў і каб быў харошы, выгляд меў.
Ну, баба палезла на вышкі па яічкі, а дзед гукае:
Бабка, бабка, піражок варушыцца!
Дзяржы, дзедка!
Бабка, бабка, піражок на прыпечку!
Дзяржы, дзедка!
Бабка, бабка, піражок на парозі!
Дзяржы, дзедка!
Бабка, бабка, піражок пабег!
Тая ж бабка з вышак скарэй скацілася, вышла на ганак, як крыкне:
Сані, станавіцеся, самі запрагайцеся, бычкі, загінайцеся, лычкі!
Тыя сані сталі самі, запрэгліся бычкі, загнуліся лычкі. Тая баба села ў сані і паехала, піражка паехала лавіць. Едзе яна, едзе, едзе да едзе, бачыць, жнеі жнуць жыта.
Жаначкі мае жаначкі, ці не бачылі вы піражка?
А вонь тамкі што пабег, вунь там схаваўся за тэю хваечкаю.
Пабегла яна далей. Бяжыць да бяжыць, бяжыць да бяжыць, бяжыць зайчык.
– Зайчык, мой зайчык! Можа ты скажаш мне, дзе мой піражок?
– А во ён толькі што мільгануўся адгэтуль.
– Садзіся, зайчык, на сані, пакажаш, дзе ён.
Сеў той зайчык на сані, паехалі з бабаю. Едуць да едуць, едуць да едуць, ідзе воўк:
– Бабка-галубка, куды ж ты едзеш?
– А мой ты ваўчок, уцёк жа піражок з печы, і вот еду, каб як яго злавіць.
– Бабка, я ж нядаўна тут яго бачыў.
– А мой ты воўча, садзіся, пакажы.
Сеў той воўк на сані, едуць яны ўжо ўтрох. Едуць яны, едуць, едуць, едуць, ідзе мядзведзь.
– А-а, куды ж гэта вы едзеце? Можа б вы мяне падвезлі?
Бабка кажа:
– Німа часу, мы едзем, каб піражка злавіць, ён із печы ўцёк.
– Я ж яго бачыў, вон там за тою хвойкаю. Бабка, хаця лапку палажу.
– Адчапіся, мядзьведзь, і сані паломіш, гэтакі ты тоўсты.
– Не, не паламлю. Ну, лапку.
І палажыў ён лапку. Едуць яны, едуць. І другую лапку палажыў. Бабка ўсё бычкоў паганяе, паганяе, паганяе ужо і бычкі патаміліся, не цягнуць, бо мядзведзь жа ўсім целам ускаціўся. Ехалі яны, ехалі, ехалі, ехалі, тыя сані трэсь! І паламаліся.
У бядзе тая бабка: і піражок не дагнала і сані зламаліся.
– Вы ж, – кажа, – пілнуйце гэтых бычкоў маіх, а я пайду ў лес у беразняк і сані зраблю.
Прыходзіць яна ў бярэзнік, стала.
– Сані, рабіцеся самі, загінайцеся лычкі!
Там тыя бярэзіны валяцца, сані самі робяцца, загінаюцца лычкі. Зрабіліся сані, баба вязе сані, упрэглася. А бычкі стаяць. У гэты час воўк, мядзведзь, заяц узялі павыядалі ўсё ў бычках, усё мяса, а шкуры панапіхалі саломаю, панадтыкалі іх палкамі, каб яны стаялі, бычкі. І самі, рагочучы, паўцякалі ў лес. Бабка ўжо прыехала з тымі сваімі санямі. Запрэгла тыя бычкі, узяла пугу, лейцы, шмарганула:
– Но, каб вы палопаліся, панаядаліся, аж салома праз рот відаць!
Як добра рванула, тыя бычкі пакідаліся. Палядзела яна – бычкі нежывыя. І пашла ж тая бабка, плачучы, дадому. І піражка не знайшла, і бычкі гэтак прапалі.