Казка пра ляшчынку і пятушка
Кумулятыўныя
тэкст
ф. 8, воп. 2, спр. 34, № 2, арк. 5–7
аўдыё
ф. 20, воп. 70, ст. 1, № 18
Зап. Кабашнікаў К. П. у 1970 г. у в. Кялёйці Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. ад Анэлі Сцяпанаўны Ярашэвіч, 1899 г. н.
нумар
AA *241 II
публікацыя
БНТ І, № 105
Ляшчынка і петушок
Жылі дзед і баба, была ў іх унучка, была і сучка, быў петушок і курачка. Ну, і паслала бабулька трасці гарэшкі петушка з курачкай. Пайшоў петушок з курачкай гарэшкі трасці. Трос-трос, трос-трос петушок і курачцы вочка затрос. Курачка пайшла плачучы да бабы:
Бабуля, бабуля, мне петушок вочка затрос.
Бабуля за світку доўгую і пайшла петушка біць. Пайшла, ідзець, петушок уцякае, толькі ко-ко-ко — крычыць, ко-ко-ко — крычыць. Тады ўзлез на вялікі высокі камень, яна яму світкай, світкай:
— Нашто ты курачцы вочка затрос?
Ён кажа:
— Нашто ж мне ляшчынка портачкі парвала?
Пайшла баба гэтак да ляшчынкі:
— Ляшчынка-ляшчынка, нашто ты петушку портачкі парвала?
Ляшчынка кажа:
— А нашто ж мяне каза аб’ела?
Пайшла тады бабка да казы, кажа:
— Каза-каза, нашто ты ляшчынку аб’ела?
А каза кажа:
— А чаму ж мяне пастух не пасе?
Пайшла баба да пастушка:
— Пастушок-пастушок, чаму ж ты казы не пасеш?
Кажа пастушок:
— Чаму ж мне бабуля бондачкі не спякла?
Пайшла яна і да бабулі гэтай. Пайшла да бабулі:
— Бабуля-бабуля, чаму ж ты пастушку бондачкі не спякла?
Бабуля кажа:
— А чаму ж мне свіння рашчыну разліла?
Пайшла яна да свінні.
— Свіння-свіння, нашто ты рашчыну разліла?
Кажа свіння:
— Нашто ж воўк мае парасяты паеў?
Пайшла яна тады да ваўка, пайшла яна да ваўка:
— Воўк, воўк, нашто ты ў свінні парасятак паеў?
— Бо я есці хацеў, так і паеў.
Тады воўк за гэту бабу, скруціў-скруціў і папхнуў яе, і з’еў, і паляцеў у лес з гэтай бабай.
А там была ваўкаўня, выкапаная яма. І там стаяў такі нож гойстры. Як ускочыў ён у гэтую яму і разрэзаў бруха. Гэта баба шлых і вывалілася тады, і вывалілася яна з гэтага бруха. Скарэй наверх выбралася і дахаты імчыцца.
Тутака ў хаце абмылася, убралася ўжо. Рада ёй унучка, рада ёй сучка, рад і дзед, і петушок, і курачка, усе рады, што баба вярнулася дахаты.
Абмылася і кажа на дзеда:
— Ідзі цяпер па водку, будзем піць, будзем госці рабіць.
Паселі ўсе за стол, паналівалі водкі, дзед прынёс, і тады ўжо п’юць, стукаюць і ўсе спяваюць, і петушок за сталом пяець, і курачка сакоча, кажа:
— Ко-ко-ко, знясу бабулі яйко.
Ну, і ўсе чыста рады, і ўнучка рада, і сучка рада, і дзед рад, што баба вярнулася з воўчага бруха.