...

Кумулятыўныя

Асновай вылучэння кумулятыўных казак як асобнага віду выступае прынцып кумуляцыі (назапашання), які заключаецца ў паслядоўным паўтарэнні аднатыпных дзеянняў, у якіх прымаюць удзел усё новыя дзеючыя асобы. З гэтых аднатыпных эпізодаў складваецца своеасаблівы ланцужок, які або раптоўна абрываецца, або ў выніку паўтарэння ўсіх дзеянняў у адваротным парадку самаліквідуецца, «расплятаецца», растае. Хрэстаматыйны прыклад такога твора – казка «Рэпка», у якой пасля кожнай няўдалай спробы выцягнуць рэпку ў гэту працу ўключаюцца ўсё новыя персанажы: бабка, унучка, сучка, каток, мышка.

Завязка падзей у кумулятыўных казках часта ўяўляе сабой дробнае, нязначнае дзеянне, якое, здавалася б, не заслугоўвае ніякай увагі, аднак далейшыя звёны ланцужка набываюць усё большую маштабнасць, а апошняе рэзка кантрастуе з першым: мышка разбіла яечка – дзяк падпаліў царкву.

Найбольш поўна i ярка кумуляцыя ўвасоблена менавіта ў казках аб жывёлах, з якімі кумулятыўныя казкі непарыўна звязаны сістэмай вобразаў: тут дзейнічаюць мядзведзь, воўк, лісіца, заяц, каза, пеўнік і многія іншыя дзікія і свойскія жывёлы і птушкі. У казцы «Былінка і верабей» у кожны эпізод побач са старымі ўключаюцца ўсё новыя персанажы: былінка, козы, ваўкі, людзі, агонь, вада, вол, доўбня, чэрві.

Кумулятыўныя казкі цікавыя не толькі нагрувашчваннем разнастайных падзей у адвольнай паслядоўнасці, але перш за ўсё мастацкім адлюстраваннем узаемасувязяў і ўзаемазалежнасцяў, якія спрадвеку існуюць у прыродзе і грамадстве. Яны дапамагаюць слухачам, асабліва дзецям, адчуць і зразумець на прасцейшых прыкладах, наколькі моцна звязаны паміж сабой усе рэаліі навакольнага свету. Меркаванне адносна архаічнасці кумулятыўных (рэкурсіўных) структур пацвярджаецца пошукамі палеопсіхолагаў, якія даводзяць, што казкі адлюстроўваюць раннія крокі чалавека па ўпарадкаванні навакольнага яго хаосу. Умовай такога ўпарадкавання было, па-першае, утрыманне назапашаных ведаў, а па-другое, іх памнажэнне. Бурнае развіццё камп’ютэрных навук і інфармацыйных тэхналогій робіць вывучэнне кумулятыўных казак асабліва актуальным.

...

Паказаць больш

...