Як мужык пана абхітрыў
Небыліцы
тэкст
ф. 8, воп. 77, спр. 129 / (?) спр. 140
аўдыё
ф. 20, воп. 77, ст. 64, № 18
Зап. Барташэвіч Г. А. i Крук І. І. у 1977 г. у в. Вялікі Рожан Салігорскага р-на Мінскай вобл. ад Мікалая Ёсіпавіча Коўціка.
нумар
СУС 1920 С
публікацыя
БНТ V, № 284
Як мужык пана абхітрыў
Пан сказаў:
— Хто мяне ўгаворыць, шапку золата (або талерку) дам. Не ўгаворыць — ты давай шапку золата.
Адзін быў такі, прайграў гэтага золата. Другі пайшоў — прайграў. Трэці пайшоў:
— Пане, от я хочу з вамі гаварыць.
— Гавары. А што ты будзеш гаварыць?
— Ну, што, пане, у майго дзеда многа пчол.
— Многа.
— Вот я прыходжу дадому, хадзіў касіць. Дзед мой кажа: «Ідзіце, пчала адна не прыляцела». Ну і пайшлі. Пайшоў я іскаць. Прыходжу: крычыць пчала за ракою. Ну, што рабіць? Ну, што я зраблю. Я пабег к рацэ. І сам сябе за нос як штурхнуў, на той бок пераскочыў. Прыбягаю. Пчала назбірала шмат: шэсць пудоў мёду і шэсць пудоў воску, а мядзведзь напаў і дзярэ яе. Ну што ж. Я адагнаў гэтага мядзведзя ды за пчалу і прыходжу к рацэ, назад ужо. Не прыходжу, а бяру з воску ляплю кабылку і воз. Саджу пчалу, забіраю мёд і едам. Прыязджаем к рацэ. Ляжыць нека костка вяліка. Я кінуў, цераз рэку пераехалі. І паехаў я з гэтай пчалой. Еду. Прыязджаю на бор. Праўда, пане?
— Праўда.
А кабылка ў мяне ляная. Я ўзяў перавялку выразаў добрую і паганяю яе. Узяў убіў гэту перавялку і пайшоў. Пакуль аддыхнуў, прыходжу. Гэта перавялка вырасла пад сама неба. Што я дадумаўся? Палезу на неба. Палез. Залез я на неба. Есці захацеў. Прыходжу. Юрай проса таўчэ. Багародзіца блінцы пячэ. Ох, мне язык зачасаўся.
Я і папрасіў. Дак яна мне дала, я паеў, пахадзіў там, палядзеў. Праўда, пане?
— Праўда.
— Мне ж трэба з неба схадзіць. Я пайшоў к Юраю, папрасіў апалінак гэтакіх, што проса тоўк. Ён мне даў, я звіў вяроўку і давай злазіць. Злазіў я, злазіў, не хватае. Я ўверх адарву, унізе падтачу і далей. Вязаў я, вязаў, бачу: шчэ далёка да зямлі. Я як скочыў, убіўся па рукі ў зямлю. Ну, я ж не вылезу. Праўда, пане?
— Праўда.
— Я пабег дадому, узяў лапатку, адкапаўся да вылез і пайшоў дадому.
А шчэ ж, пан, я забыў: я бачыў свайго дзеда і вашага бацьку там, на том свеце.
— І што яны там робяць? — пан пытае.
— Ой, пане, як расказаць вам, што яны робяць. Свінні пасуць. Ну, мой дзед, — кажа, — старшы за вашага бацьку.
— А як гэта старшы?
— Я не ведаю. Мне сказалі. А мой дзед...
— І што?
— Звіў з гэтага свінога... пугу, да як дасць вашаму бацьку...
Гэты пан тады:
— Няпраўда!
Той кажа:
— Усё ж няпраўда.
Да за тыя грошы да і панёс.