Пра дурнога сына
Сацыяльна-бытавыя
тэкст
ф. 8, воп. 75, спр. 109, № 35, арк. 164–165
аўдыё
ф. 20, воп. 75, ст. 22, № 9
Зап. Барташэвіч Г. А. ў 1975 г. у в. Рачэнь Любанскага р-на Мінскай вобл. ад Еўдакіі Кандратаўны Ляўчэні, 1902 г. н.
нумар
СУС 1600 А + АА 1600 А
публікацыя
БНТ V, № 263
Пра дурнога сына
Быў у бабы сын, дурны. Знайшоў ён кучу золата да сеў на дарозе, вынес і шапкай мерае гэта золата.
«Гэта бацьку, гэта матцы, гэта мне». Ехаў пан якраз да й уз’ехаў трохі да раскідаў гэту кучу золата. Дурань усхапіўся, забіў пана. Забіў і закапаў, прыйшоў дадому, усім хваліцца:
— Я пана забіў, там і там закапаў.
Дачулася пані і прыехала:
— Ну, дык дзе ты закапаў?
А маці ўночы, як ён стаў хваліцца, зарэзала казла да на тым месцы закапала, а пана перакапала ў другое месца. Ён завёў.
— Ну, адкопвай.
Дурань капае, капае, капыты выкапаў.
— Пані, о пані, у вашага пана капыты вялікія?
Так яна:
— Капай, капай.
Капаў, капаў, рогі выкапаў.
— Пані, о пані, у вашага пана рогі вялікія?
Дак яна ізноў:
— Капай.
Ён адкапаў, так маці:
— От, пані мая харошая, ну што дурань, бачыце, што закапаў да й кажа: пана.
Дак пані плюнула да й паехала дадому, пан прапаў.