...

Сацыяльна-бытавыя

Сутнасць жанравай спецыфікі, ладу сацыяльна-бытавой казкі вызначаецца яе поўнай засяроджанасцю на сацыяльнай рэчаіснасці. У гэтых казках адбываюцца недраматычныя і некатастрафічныя здарэнні, падзеі або з’яўляюцца незвычайныя героі, якія дэманструюць выключную сацыяльную паспяховасць. У. М. Сівіцкі сярод рысаў сацыяльных казак называе пераўтварэнне рэальнага ў абсурдальнае; анекдатызм падзей і дзеянняў персанажаў; авантурна-навелістычны (прыгодніцкі) характар фабулы; камізм і сатыру ў абмалёўцы адмоўных, негатыўных персанажаў. Станоўчы ж герой павінен здолець сцвердзіць сваю сацыяльную мабільнасць, жыццёвую ўстойлівасць.

Унутры сацыяльна-бытавых казак вылучаюцца сатырычныя, уласна-бытавыя, пра дурня, авантурна-навелістычныя (прыгодніцкія), салдацкія і сацыяльна-філасофскія.

У большасці казак вылучаюцца станоўчыя героі (хітры і кемлівы мужык, упэўнены ў сабе жаніх і муж, мудры цесць, дасціпны і справядлівы салдат, чулы афіцэр, спрытны злодзей і інш.) і сацыяльна адмоўныя, негатыўныя (злосны ці недалёкі пан / пані, няправедныя поп, дзяк, ксёндз, арганіст, злавесны купец, лянівая / здрадлівая жонка, самадумная цешча, страшны разбойнік і інш.). Казкавы наратыў пры гэтым выстройваецца вакол пэўнай цэнтральнай падзеі і пэўнага цэнтральнага героя – мужыка, мужа, дурня, салдата, блазна, злодзея, смелай дзяўчыны і інш., – які “цэментуе твор” [Фядосік 1995, 119].

Важна, у гэтых казках адмаўляюцца праявы ганебных сацыяльных паводзін чалавека і сцвярджаюцца ідэалы сацыяльнай справядлівасці і гармоніі, прымальнага вырашэння канфліктаў, супярэчнасцяў і недарэчных сутыкненняў паміж людзьмі; падаюцца ўстаноўкі на каштоўнасна-ўзважаны лад быцця чалавека ў грамадстве; мае месца адкрыты сацыяльны дыдактызм, непасрэднае і прама адрасаванае асобе і грамадству маралізатарства. Сацыяльна-бытавыя казкі адрасаваныя галоўным чынам дарослай аўдыторыі, таму народныя веды складана-праблемнага сацыяльнага парадку прадстаўлены разгорнута, усебаковага, без асаблівых умоўных абмежаванняў.

Запісы другой паловы ХХ – першай трэці ХХІ стагоддзя паказваюць на трансфармацыю пафасу сацыяльна-бытавой казкі ў напрамку пошуку шляхоў безканфрантацыйна-мірнай гарманізацыі грамадска-сацыяльных адносін.

...

Паказаць больш

...