Як чалавек дурняў шукаў
Сацыяльна-бытавыя
тэкст
ф. 8, воп. 75, спр. 109, № 39, арк. 178–180
аўдыё
ф. 20, воп. 75, ст. 23, № 17
Зап. Барташэвіч Г. А. ў 1975 г. у в. Рачэнь Любанскага р-на Мінскай вобл. ад Еўдакіі Кандратаўны Ляўчэні, 1902 г. н.
нумар
СУС 1384 (прыбл.) параўн. 1450 + 1387 + 1540
Як чалавек дурняў шукаў
Жыў-быў чалавек, у яго дачка была адна толькі. А прыйшоў адзін у сваты к ёй. Гэта маці загадала ёй:
— Ідзі ты ў пограб, піва налі.
Яна пайшла піва наліваць і ўгледзела над дзвярыма матыку. Села, гэта піва цячэ, яна думае: «Ох, як у мяне дачка будзе, я адпраўлю піва наліваць, а матыка ўпадзе да заб’е маю дачку».
Села і плача. Маці сядзела, сядзела, потым прыбегла, бачыць: дачка плача. Яна расказала гэта, і маці плача. Сядзіць бацька з жаніхом. Жаніх кажа:
— Што яны там робяць, я пайду пагляджу.
Ну, і гэтаму кавалеру расказалі, і гэты кавалер сеў, плача з імі. Бацька адзін сядзеў, сядзеў, прыйшоў ён:
— Чаго вы тут плачаце?
Яны яму кажуць:
— Унь, як я пайду замуж да раджу дачку (гэта ўжо дачка яго так кажа), а там матыка вісіць, прыйдзе мая дачка піва наліваць, матыка ўпадзе да яе заб’е.
— Тфу! Пайду ў белы свет. Калі найду дурней за вас, вярнуся
назад, а як не найду, не вярнуся.
Ну, і пайшоў. Пайшоў, ужо і аслабеў трохі, хадзіў цэлу нядзелю. Прыблудзіў ён к панскаму двару, сеў ён на лавачку, сядзіць. Выйшла пані, у яе сын памёр. Так яна прысела к яму:
— Адкуль ты, чалавеча?
— З таго свету.
Дак яна:
— А мо бачылі майго сына Магамета?
— Бачыў.
— А як ён там жыве?
— Ён то добра жыве, але свайго дома не мае.
— А колькі дом харошы пастроіць будзе каштаваць?
— Ну, як сярэдні, то тысяч дваццаць, а як харошы, то і сорак трэба.
Яна пабегла, адлічыла яму гэтых сорак тысяч і дала. Ён барджэй, адкуль у яго сіла паявілася, пайшоў. Ідзе, прыязджае пан.
— Быў, — кажа пані, — з таго свету чалавек да й бачыў нашага сына Магамета. Дык яму і добра, але, кажа, німа свайго дому, дак харошы дом пастроіць сорак тысяч, я яму дала.
Дак пан:
— Ох! У каторы ён бок пайшоў?
— От так пайшоў.
Пан пайшоў на скакуну ўжо сваім, на кані ляціць. Мужык азірнуўся —аж пыл ідзе. Бачыць: чалавек на палянцы арэ лысы. Ён падбег к яму і кажа:
— Чалавеча, едзе пан-хам і знімае лысым галаву. На маю шапку адзень, лезь на дуба, а я буду за цябе пахаць.
Ён стаў пахаць. Пад’язджае гэты пан:
— Ці не бачыў ты, чалавеча, праходжага чалавека?
— А онь, — кажа, — на дуба палез.
Дак ён на гэтым скакуну:
— Злязай, я табе галаву зніму!
А гэты чалавек лезе далей да:
— Паночак, я не лысы, я не лысы!
Дак ён:
— Падсадзі мяне, я яму зніму галаву ўсё адно.
Ён яго ўссадзіў трохі на галіну, гэты пан пакарабкаўся, а ён на гэтага скакуна і паскакаў. Пан ужо дагадаўся, што той самы, ну да злез ужо, бачыць, што бяда, пайшоў дадому і кажа на жонку:
— От, цябе абманіў і мяне абманіў. Ад цябе грошы забраў, а ад мяне скакуна атабраў.
А ён вярнуўся дадому з гэтымі грашыма і з усім. Паставіў дом харошы, стаў жыць ды кажа:
— Дурней вас знайшоў, дак вярнуўся.