Пра храбрую і разумную дзяўчыну Мар'ю
Сацыяльна-бытавыя
тэкст
ф. 8, воп. 75, спр. 109, № 42, арк. 193–197
аўдыё
ф. 20, воп. 75, ст. 25, № 1
Зап. Барташэвіч Г. А. ў 1975 г. у в. Закальное Любанскага р-на Мінскай вобл. ад Варвары Андрэеўны Ласевіч.
нумар
СУС 954* = К 954А + 955
Пра храбрую і разумную дзяўчыну Мар’ю
Жылі ў дзярэўні чалавек із сваёй жаной. У іх была дзевачка, Мар’я звалі. Яна такая шустранькая, такая вумненькая, яны аставілі яе за хазяйку, а самі паехалі ў госці. Паехалі яны ў госці, а яна паглядзела па хазяйству, управілася ўжо, прыходзіць дамой, а к ёй прыходзіць які-то дзядок-медзвядок. Пытае ў гэтай дзевачкі:
— Як цябе завуць? .
— Мар’я.
Ён даў ёй яблычка, а сам палез пад печ ды й прыказаў ёй:
— Не кажы нікому!
Тая дзевачка хітрая ж. Ну і што. Яна нікому не гаворыць пра гэта. Пайшла, сазвала вячорак, дзевачкі прыйшлі ўжо, таварышкі яе. А ён устаў, той дзядок-медзвядок, і як зараве пад печчу, так гэтыя дзевачкі спрашваюць у Мар’і:
— Што гэта такое?
Дак яна:
— Ой, дзевачкі, гэта ж даў бог цялята, да не даў бог хлява.
Прадуць дзевачкі, прадуць, як упадзе верацяно ў каторай, так і няма яго. Гэтыя дзевачкі ішчуць яго, лазяць то пад пол, то куды. Яна гаворыць:
— Дзевачкі, не ішчыце, наце вам другое, заўтра найдам.
А потым ужо ж вечар, ужо трэба спаць. Яна паслала ім, папрасіла, каб пераначавалі, загасіла агонь, а сама палезла на печ. Дзевачкі паляглі. Улазіць той дзядок-медзвядок, паперахрыцічываў гэтых усіх дзевачак смярцельнаю рукой, а сам пайшоў. А гэта не медзвядок, да разбойнік.
Ну, прыехаў ужо бацька з мацераю з тых гасцей, дак яна ўсё расказала, плача, і тыя дзевачкі ўжо паадхрышчвала, яны паўставалі і пайшлі. Жывуць яны, вырасла яна вялікая. Бацька з мацераю абяшчаліся аддаць яе за первыя ж сваты, хто первы прыйдзе.
Ну вот, яна вырасла і прыязджаюць сваты, такія ўжо разукрашаныя, маладыя, харошыя, а коні, павозкі — божа мілы там якія! Дак гэты бацька —як жа ж не аддаць за такога багатага? Трэба аддаць. Гэта дзевачка не захацела зразу ісці, захацела праверыць. Ён жа сказаў, дзе жыве, што. Яна і пайшла. Доўга яна ці мала ішла, ішла і лесам і полем, і звярнула ў лес, на тую старану самую, дзе ён сказаў. Ну, і знайшла той дом. Праўда, дом харошы. Калі яна
ўвайшла ў адзін пакой, дак па калені крыві, калі ўвайшла ў другі — дзежкі мяса, калі прайшла ў трэцюю комнату — чалавечаскія голавы ляжаць. А потым яна зачула топат лашадзей, тыя разбойнікі едуць ужо. Дзе ж ёй дзецца? Яна пад краваць захавалася. Захавалася пад краваць; гоняць яны красавіцу такую маладую і к калодцы, галаву адсякаць. Яна просіцца, хаця дайце богу памаліцца. Ну нічога, не паслухалі яны, адсеклі галаву, адсякаюць пальцы з залатым пярстнём. І адзін палец папаў ёй туды пад краваць. Адзін жа разбойнік хацеў палезці па той палец, а другі:
— Не, быстрэй, — штоб па тую самую Мар’ю паехаць ужо.
Паехалі яны па тую Мар’ю, а яна выскачыла і бягом за імі. Што ж, яна не збяжыцца за коньмі быстра. Яна другой дарожкай пабегла. А яны прыехалі, няма ж гэтай Мар’і. Бацькі яе сказалі, што нету яе дома. Тыя сваты вярнуліся назад. Едуць, бачыць яна, што блізка пад’язджаюць. Дзецца ж недзе — лес мінула, а ў полі стог стаіць. Яна ў той стог захавалася. Перша астанавіліся праверыць, а адзін кажа:
— Быстрэймо едам, мы яшчэ захвацім яе.
А тады як яны паехалі ў свой той дом, то яна выскачыла да давай уцякаць дадому. І ці скора, ці не, сколькі прайшло, прыбегла яна дадому. Прыбегла, расказвае і плача, які гэта жаніх там. Ну, ужо збіраюцца к свадзьбе. Намецілі свадзьбу, і прыязджаюць яны. Яна такая ўбраная, і красавіца і вумніца. Прыехалі, яна начала расказваць:
— Вот, мой міленькі, я сягоння сніла сон, такі сон, што проста страх.
А яны падганяюць яе, штоб гэта ехаць. Яна гаворыць:
— Бытта я была ў вас там у доме, дом, праўда, харошы. Заходжу я ў адну комнату — крыві па калена, заходжу ў другую — мяса дзежкі, заходжу ў трэцюю — чалавечыя голавы.
Ну дак яны ўсё гавораць:
— Няпраўда, мая міленькая, няпраўда, мая міленькая.
А далей кажа:
— А вот жа вы прывезлі адну дзеўку, маладу красавіцу, і засеклі яе, адсеклі галаву, і вот пярсцёнак мне папаў, той палец з пярсцёнкам.
Ім няма куды скрывацца, ужо ж паказала яна, што вінаваты. Іх зразу зацапілі і павязалі і адправілі ў цюрму.