Чорт на службе
Чарадзейныя
тэкст
ф. 8, воп. 77, спр. 129 / (?) спр. 140
аўдыё
ф. 20, воп. 77, ст. 64, № 20
Зап. Барташэвіч Г. А. i Крук І. І. у 1977 г. у в Вялікі Рожан Салігорскага р-на Мінскай вобл. ад Мікалая Ёсіпавіча Коўціка.
нумар
СУС 810 А (частк.)
публікацыя
БНТ V, № 170
Чорт на службе
Паехаў мужык араць і ўзяў хлеба ў торбачку. Ну, на валах аралі. Мужык узяў ды пакінуў на вазах торбачку з хлебам да арэ. А чорт прыйшоў да ўкраў гэту торбачку ды пайшоў за куст. «Захочаш есці, рассердзішся, будзеш валы біць, а я буду гуляць», — думае. Араў, араў мужык, у абед пайшоў па хлеб — няма.
— Ну, — кажа, — як хто галодны, хай есць, а я і так. Валы пакарміў, сам пасядзеў, давай араць. А той чорт усё выглядае. Не б’е гэтых валоў. Ён нічога не пагуляў. І гэтай торбачкі не аддаў мужыку. Прыязджае мужык дадому, а чорт забраў торбачку і панёс старшаму чорту. Кажа:
— От, я хацеў пагуляць, нічога не палучылася.
— Ідзі, — кажа старшы, — за гэту торбачку адрабі яму.
Ён прыходзіць к гэтаму мужыку.
— Дзед, — кажа, — я ў цябе буду служыць.
— Ой, — кажа дзед, — што ж ты будзеш служыць. У мяне хлеба не хватае.
— Хваціць. Хваціць з нас хлеба.
— Ну, служы. За што?
— Ну, так я буду табе рабіць.
От яны робяць. Прыйшла вясна. Паехалі сеяць. Людзі вясною едуць сеяць авёс, сена, проса.
— Што ты, — кажа дзед, — проса после сеюць.
— Сейма!
— Сейма.
— Сейма картоплю.
— А шчэ ж халадно.
— Не, сейма.
Як ужо камандуе парабак, так і робяць. Пасеялі яны і авёс, і ўсё. Давай убірацца. Убіраюць. Ох, вырасла харошае сена. Сабралі. А мужык бедна жыў. А тут нарасло ў яго столькі.
— Хадзем малаціць, — кажа мужык.
Чорт не йдзе малаціць. Прыходзіць мужык.
— Уставай ужо, нябожко, будзем снедаць.
— Ой, дзед, я ж заспаў.
— Нічога, снедайма.
На другую раніцу яны пайшлі малаціць і чорт ўстаў. Прыходзіць і кідае і грэчку, і жыта, і авёс — усё малоцяць, усё ў кучу.
— Што ты робіш?
— Ай, дзеду, усё адно зярно.
Прыйдзе дзед рана — усё асобна ляжыць. Давай яны малаціць.
Чорт кажа:
— Дзед, возьмем малацілку да змалоцім, скарэй будзе.
— Ой, з мяне людзі будуць смяяцца. У мяне хлеба небыло, а я малацілку буду браць.
— Не, бяром.
Змалацілі. Намалацілі столькі, што ў дзеда няма дзе дзяваць. Змалацілі, сабралі. Дык чорт:
— Дзед, давай самагонкі нагонім.
— Нашто?
— Ну, у нас у вёсцы такі звычай. Вып’ем да зробім танцы.
— Ой, — кажа, — каб людзі смяяліся з мяне. Не трэба.
— Не, давай.
— Ну, давай.
Тут нагналі самагонкі, устроілі вечар і давай танцаваць. Танцуюць. Умарыўся дзед. Дак ён танцаваў, танцаваў да:
— Ідзі ты к чортавай мацеры!
— От, — кажа чорт, — я гэтага ждаў, каб ты мне сказаў гэта слова.
Да зашумеў і пайшоў гэты чорт, а дзед астаўся.