Чарадзейныя казкі – гэта апавядальныя творы, пабудаваныя па пэўных законах, дзе абавязкова прысутнічае чарадзейства, дзейнічаюць незвычайныя героі і іх незвычайныя памочнікі, дзе казачная фантазія стварае свой непаўторны свет, у якім, як і ў сапраўдным жыцці, змагаюцца сілы дабра і зла, дзе заўсёды перамагае справядлівасць. Героі чарадзейнай казкі – волаты, асілкі, царэвічы, каралевічы – людзі незвычайнага нараджэння, сілы, здольнасцяў. Калі ж у цэнтры апавядання знаходзіцца просты селянін, ён таксама валодае незвычайнымі здольнасцямі або карыстаецца дапамогай розных чарадзейных памочнікаў, у ролі якіх выступаюць і людзі, і жывёлы, і прадметы. Паплечнікамі асноўных герояў чарадзейных казак нярэдка выступаюць незвычайныя паляўнічыя, утаймавальнікі розных стыхій, такія як Вярнідуб, Ламікамень і інш.
Адметнасць беларускай чарадзейнай казкі – казкі пра асілкаў, якія змагаюцца з рознымі пачварамі, шматгаловымі змеямі, Кашчэем Бессмяротным і г. д. Героі-асілкі (Пакацігарошак, Івашка Мядзведжае вушка і інш.) звычайна адпраўляюцца на пошукі выкрадзенай царэўны, маладзільных яблык для бацькі i пад., што дало падставу У. Я. Пропу аб’яднаць іх у групу герояў-шукальнікаў. Казкі са змеяборчымі сюжэтамі часам называюць багатырскімі.
Вылучаецца некалькі груп персанажаў-памочнікаў. Акрамя асілкаў важная роля належыць дарыльшчыкам, якімі выступаюць і старэнькі дзядок, і памерлы бацька, і ўдзячны нябожчык, і Баба-Яга. Баба-Яга – не толькі варожая істота, якая спрабуе выкрасці і знішчыць Іваньку, яна дае ге¬рою добрыя парады, чарадзейнага каня або птушку ці нейкія чарадзейныя прадметы. У якасці дарыльшчыкаў у казках выступаюць таксама жывёлы, якіх герой выратоўвае ад смерці ці аказвае ім іншыя важныя паслугі. Звычайна ўдзячныя жывёлы даюць герою сваіх дзяцей, якія ідуць разам з ім або з’яўляюцца ў крытычных сітуацыях i ў сваю чаргу выратоўваюць героя ці дапамагаюць яму выконваць цяжкія даручэнні, здабываюць чарадзейныя прадметы.
Побач з казкамі героіка-фантастычнага зместу значная колькасць чарадзейных казак пабудавана на сямейных калізіях, адносінах паміж рознымі членамі сям’і, асабліва мачахай і яе няроднымі дзецьмі. У. Я Проп вылучае герояў-ахвяр – выгнаных з дому дзяцей або дзіця, выкрадзенае ведзьмай. Вельмі папулярны сюжэт пра бабіну і дзедаву дачку і пра кароўку-памочніцу. Казка паказвае, як сірата, падчарка, набывае неабходныя навыкі для ўвасаблення паспяховага жыццёвага сцэнарыя з пункту погляду традыцыйнай сямейнай маралі, разумення жаночага шчасця.
Найбольш пашыраныя сюжэты беларускіх чарадзейных казак наступныя: СУС 301 А, В «Тры царствы», СУС 300 А «Бой на калінавым мосце», СУС 707 «Дзівосныя дзеці», СУС 461 «Марка Багаты», СУС 315 «Звярынае малако», СУС 531 «Канёк-Гарбунок», СУС 511 «Дзівосная кароўка». Шырока прадстаўлены таксама варыянты казак на сюжэты СУС 300 «Пераможца змея», СУС 330 А «Салдат i смерць», СУС 613 «Праўда і крыўда», СУС 530 «Сіўка-Бурка» і інш. Большасць сюжэтаў – агульныя для ўсходнеславянскага казачнага эпасу, хаця колькасць твораў на адзін і гой жа сюжэт у трох народаў часам вельмі адрозніваецца. Асобныя сюжэты адзначаны толькі ў беларускім фальклоры: СУС – 311 С* «Рука-невідзімка і тры сястры», СУС 314 В* «Казлянё выратоўвае дзяўчынку ад белага ваўка», СУС 316* «Юнак, абяцаны вадзяному», СУС 318* «Меч-самасек і жана-ведзьма» і інш.
...
Паказаць больш
Чорт на службе
Чытаць
Пра беднага і багатага брата
Чытаць
Іван Іваневіч рускі царэвіч Віхраў сын
Чытаць
Казка пра сіротку і Мароз-Красны нос
Чытаць
Казка пра папа
Чытаць
Тры дачкі
Чытаць
Казка пра падчарку
Чытаць
Пра лесніка і яго сыноў
Чытаць
Пра Іллю Мурамца
Чытаць
Казка пра лесніка
Чытаць
Пра Еруслана Лазаравіча
Чытаць
Пра двух братоў
Чытаць
Казка пра дзедаву дачку і бабіну
Чытаць
Пра трох сыноў
Чытаць
Быў бацька і матка
Чытаць