Пра лесніка і яго сыноў
Чарадзейныя
тэкст
ф. 8, воп. 74, спр. 91а, № 18, арк. 33–34
аўдыё
ф. 20, воп. 74, ст. 6, № 47
Зап. Кабашнікаў К. П. у 1974 г. у в. Смародзінка Крупскага р-на Мінскай вобл. ад Соф’і Міхайлаўны Голуб
нумар
СУС АА 300
публікацыя
БНТ V, № 66
Пра лесніка і яго сыноў
Жыў у лесе ляснік. У яго быў харошы дом і было тры сыны: Дзям’ян, Сцяпан і Іван. Ну вот, ён пасеяў ячменю, аўса. Прыходзіць з поля і гаворыць:
— Сынкі, хто-та ў лесе есць ячмень і авёс. Нада ісці папілнаваць. Нада табе ісці, большы, Сцяпан.
Пайшоў большы сын у лес, нічога не знайшоў. Адпраўляе ляснік другога. Пайшоў другі. Хадзіў, хадзіў у лесе, нічога не знайшоў. Адпраўляюць Івана. А ён самы меншы быў, яны яго звалі дурачком. Вот той пайшоў, зрабіў вышку на ёлцы, на той вышцы пасядзеў. Пайшла чарада свіней дзікіх. Ён свіней убіў, прыйшоў дамоў, гаворыць:
— Папа, я свіней убіў.
Браты рагочуць з яго. І праўда, пайшлі глядзець. Ну, яны прыйшлі дамоў і напалі на Ваню:
— Ваня, ты такі, ты гэтакі.
Іван сабраўся, ружжо на плячо і пайшоў. Пайшоў і сабачку з сабой узяў. Ішоў-ішоў, найшоў зайчыка, найшоў лісіцу. Усім ім стужачкі красныя на шыі пазавязваў і пайшоў. Ішоў-ішоў, прыйшоў к высокай гарэ к крутой. Там сядзіць чалавек і плача. Іван спрашвае:
— Чаго ты плачаш?
Ён гаворыць:
— Знаеце што, маю дачку ўкралі і некуды звезлі — не знаю сам. Калі б хто пайшоў, палавіну б свайго царства аддаў.
Іван гаворыць:
— Я пайду найду.
Пайшоў. Ішоў-ішоў, прыйшоў к сіняму мору. На сінім моры стаіць вышка вялікая. Вот ён падышоў і там стаў гаварыць. Гаварыў-гаварыў і дазнаўся, што дачка яго там. І лёг аддыхаць. Лёг, аддыхае. Мора завалнавалася. Аж выходзіць кракадзіла з мора і гаворыць на яго:
— Я цябе з’ем.
А Іван гаворыць:
— Не, ты мяне не з’ясі. Я цябе ўб’ю.
Іван яго забіў і тую дачку дастаў, у лодку пасадзіў і павёз. Найшоўся там другі чалавек. І забыўся Іван кальца залатога там, дзе яна была. Вярнуўся па кальцо. А той у лодку пасадзіў царэўну і павёз. Завёз дамоў к таму гасудару і давай свадзьбу спраўляць. А Іван астаўся там. А потым прыехаў са сваімі звяркамі. А там ужо свадзьба ідзе. Давай Іван прасіцца, а яго не пускаюць. А потым яго пусцілі ў сад. Ён звяроў сваіх у баню зачыніў і пайшоў.
У парозе пасадзілі яго, сталі частаваць. А ён гаворыць:
— Я хачу з маладой выпіць.
А ў яго кальцо яе залатое на руцэ. Вот ён падышоў і давай піць з той маладой. Маладуха як убачыла кальцо, і ўсё, і пачапілася на яго. Гаворыць:
— Во хто мяне спас, а не той.
Тады таго гасудар прычапіў к каню к хвасту і ў чыстае поле пусціў. І конь яго растрапаў. А там свадзьба гуляіць. Ужо пайшла царэўна за Ваню.
І я там была, і віно піла, але толькі ў роце не было, па барадзе цякло.