...

Казка пра лесніка

img

Казка пра лесніка

Чарадзейныя

0:00 0:00

тэкст

ф. 8, воп. 74, спр. 91а, арк. 17–21

аўдыё

ф. 20, воп. 74, ст. 7, № 15

Зап. Кабашнікаў К. П. у 1974 г. у в. Старыя Прыборкі Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. ад Акулевіча Паўла Антонавіча.

нумар

СУС 313 В + 313 І

Казка пра лясніка

Быў ляснік. Ажаніўся. Сем лет не было дзяцей. Патом забярэменела жанчына гэтая. Ну пашоў ён у лес і позна німа. Зайшоў у такое балота, што ніяк ня вылізці. Стаіць старык, барада, як клін, лапці па метру. Ён прося:
— Вывядзі мяне.
— Еслі аддасі тое, што ты дома не аставіў, дык я цябе вывіду. 
— Я, — гаворыць, — аддам тое, што і аставіў.
— Нет, мне тое не нада. Тое што не аставіў.
— Ну бяры.
І даў яму распіску, даў распіску. Прыходзя ж дамоў, а жана тая значыць яго сына… Ну тут ужо людзі сабраліся, сядзяць, выпіваюць, пяюць. І яго пасадзілі. Ён сядзіць смутна яму дайшло да галавы, што ж ён гэта сына аддаў гэтаму старыку. Ну і расце ён, Коля зваўся. Расце і расце значыць. Ужо ў школу стаў хадзіць, вучыўся харашо. А бацька ўсё смутны. Ён гаворыць так:
— Чаго ты, бацька, смуцісся, хіба я ня твой?
А гаворыць:
— І не.
— А пачаму?
— А вот, — гаворыць, — такое і такое дзела был. Када ты радзіўся, я цябе аддаў вот за такое дзела, што…
— Ну харашо, — гаворыць, — я пайду шукаць таго хазяіна, куда ты мяне аддаў.
Ну сабраўся, узяў сумку і пашоў… Ішоў, ішоў, паляна харошая. Ну сеў аддыхаць, паабедаць. Відзя бяжыць дзяўчонка, крычыць, гоніцца мядзведзь. Ён атагнаў гэтага мядзведзя. Ну разгаварыліся.
— Як ты завесся?
— Каця. А ты?
— Коля, вот, — гаворыць, — такое і такое дзела. Я іду шукаць хазяіна, каторы бацька мяне прадаў. Гавораць, ён сам небальшы, барада як клін, лапці па метру.
Гаворыць:
— Гэта мой бацька.
— А дзе вы жывяцё?
— А вон, — гаворыць, — тут недалёка за ляском.
— Можа і я з табой пайду?
— Нет, ня йдзі. Сам прыдзіш.
Вот прыходзіць ён туда. Заходжае к гэтаму самаму змею ўжо. Ён быў памешчык гэты, не змей. Пытаецца.
— Аддай распіску.
— Нет, — гаворыць, — нада паработаць.
— Ну і якая ж работа?
Вот ён даў яму напарстак, што шыць.
— І вот там сажалка вады, за ноч вылій гэтым напарсткам. Вылаві рыбу і падсып пяску.
Прышоў ён, паглядзеў. Што ён напарсткам здзелае? Пашоў ён шукаць этай Каці, нашоў эту Кацю. Каця гаворыць:
— Я табе памагу. Вот там іна ў нас прарывалася, каменем заложана. Каменне, — гаворыць, — вырвем, ваду спусцім і рыбу выберам.
Вот яны эту каменне перарвалі, ваду спусцілі, рыбу выбралі, пяском пасыпалі. На ўтра прыходжае ён к хазяіну к гэтаму.
— Ну што, зроблена?
— Зроблена.
Паглядзеў ён — зроблена. Ну харашо.
— Ну аддайце распіску.
— А не, ішчэ будзіць адна работа. Вот, — гаворыць, — відзіш сколька сінакосу нікошанага. Вот ідзі, гэта скасі за дзень і ссушы і ў копы злажы.
— Ды дзе ж яго зложыш, калі там можа на дваццаць касцоў.
Ён к Каці. Каця гаворыць:
— Ну я табе памагу.
У яе дзе-то была валшэбная палачка такая жалезная. Яна махнула, трава гэтая скацілася там па метру па два кацілася. Ён яе ссушыў, у копы злажыў, сеў на капе і закурыў. Ну ідзець хазяін. Паглядзеў.
— Зроблена работа?
— Зроблена.
Ну харашо. Прыходжае.
— Дай распіску.
— А не, — гаворыць, — ішчэ адна работа ёсць. Вот у мяне, — гаворыць, — у канюшні ёсць конь такі, каторы абучаны. Вот яго абучы, аб’ездзі. Тада аддам табе распіску і дажа і дачку аддам адну.
А ў яго было двінаццаць дачок і ўсе аднаго голасу і аднаго воласу і аднаго росту, што паняць трудна. Вот ён прыходжае к гэтай Каці і гаворыць:
— Эй, ужэ саўсем слабая работа. Каня толькі абучыць.
Каця яму гавора што.
— Нет, эта ты ня думай, што эта конь, а гэта будзя ён сам бацька, — гаворыць, — мой. Вот на эту палку. І вот бі, калі аб’ездзіш, — харашо.
тада як увайшоў у канюшню, ён як засвістаў, дык не падхадзі. Але ён усё-такі як стаў яго гэтай палкай троха хрысціць. Аб’ездзіў яго. Ну прыходжае назаўтра.
— Што, работа кончана?
— Кончана.
Ён абвязаны, ён яго абабіў ужо.
— Ну цяпер, — гаворыць, — можаш сабе выбіраць дачку любую замуж.
Добра. Ён і гаворыць.
— Каця.
Ну ён ужо быў з Кацяй. А гэта Каця была падчарка, а тых было адзінаццаць мачыхі. Добра. Ну назаўтра ўжо эта яны вяселле спраўляюць. Ну прыходжае і гаворыць ёй, Каці, што так і так.
— Эй, — кажа, — ты эта ня жджы што эта будзе вяселле, а эта будзе наша смерць. Ухадзі калі можна.
Вот яны сабраліся і пашлі. Назаўтрага гэты ўжо мачыха гэтая і гэты значыць вот эты вядзьмар паглядзелі — няма нікога. Ану ўздагон. Каця гэта чуствуіць.
— За намі гоняцца, — гаворыць.
— А што дзелаць?
— Што дзелаць. Вот я буду авечка, а ты пастух. І пасі мяне. 
Гонюцца ганцы за імі.
— Вы тут ня відзілі маладых людзей?
— Не, — гаворыць, — ня відзеў. Я ад самай раніцы пасу і ня відзеў нікаго.
Яны прыехалі, следа нет. Назад. Прыізджаюць, дакладваюць яму, што вот так, відзелі пастуха з авечкай.
— Гэта яны! Пачаму вы іх не забралі?
Апяць удагон. Ну ішлі яны. Чуіць гэта Каця, што апяць гоняцца. Ён гаворыць:
— Што ж будзя?
— Ай, што будзя. Вот я буду сад, а ты садоўнік.
Вот яны даехалі да гэтага садоўніка, пытаюцца:
— Тут не праходзіла пара маладых людзей?
— Не, — гаворыць, — нікога ня відзіў.
Назад, следа нет, назад. Прыехалі, дакладаюць, што вот так і так відзелі.
— Пачаму, — гаворыць, — вы іх не забралі? Гэта Каця з гэтым, з Колям.
Усё, больш не паверылі нікому, пагналіся яны ўжо самі, бацька гэтай Каці і гэта мачыха. Каця гэта апяць гаворыць, што гоняцца.
— Што дзелаць? — ён кажа.
— Ну што дзелаць, — кажа, — я буду возерам, а ты качарам плавай.
А яны ўжо, значыць, ён воўкам, а яна ваўчыцай як гналіся і за гэтым качарам, каб яг злавіць, у гэтае возера. Ну дзе ж. Качар падляціць і сядзя, падляціць і сядзя. Яны, значыць, ганяліся, ганяліся за ім і патанулі. А Каця з Колям і сягоння жывуць.