Казка пра дзедаву дачку і бабіну
Чарадзейныя
тэкст
ф. 8, воп. 74, спр. 91а, № 23, арк. 42–43
аўдыё
ф. 20, воп. 74, спр. 15, № 9
Зап. Барташэвіч Г. А. у 1974 г. у в. Абчуга Крупскага р-на Мінскай вобл. ад Галіны Осіпаўны Клімовіч.
нумар
АА 480*В
Казка пра дзедаву дачку і бабіну
Жыў дзед і была ў яго няродная жонка і падчарка і родная дачка. І так ёй было плоха гэтай дзевачкі. Мачыха ўсё ўрэмя яе абіжала і так абіжала, што кажа дзеду:
Вязі яе куды хочыш і дзей мне яе дзе хочаш.
Дзед замаркоціўся, заплакаў, запрог двое коній, пасадзіў дзевачку і павёз у чыстае поле на люты мароз. Кінуў яе на сцюжы, трасецца бедная, плачыць.
Прышоў Мароз:
Я Мароз-Краснанос.
Яна гаворыць:
Мароз, прышоў ты па маю душу.
А Мароз увідаў дзевачку, паглядзеў на яе кругом, панравілася, пажалеў.
Узяў ёй кінуў бальшы тулуп. Надзела дзевачка тулуп, падкорчыла ножкі, сядзіць. На другі дзень апяць прыехаў, прышоў Мароз.
Я Мароз-Краснанос.
Дзевачка яго павітала. Ён ей прынёс вялікую скрыню серабра і золата. Адзела дзевачка тулуп, села на скрыні, падкорчыла ножкі, ціхонька песенькі спеваець. А баба дзеда пасылаець на трэці дзень:
Ідзі, дзед, вязі сваю дачку хаваць.
Паехаў дзед па дачку. А сучачка пад сталом ляжыць ды:
Цяў, цяў! Дзедаву дачку ў серабрэ ў золаце вязуць, а бабіну замуж
ні бяруць.
Маўчы, дура! На бліна. Скажы «Дзедаву дачку хаваць вязуць, а
бабіну замуж бяруць».
Сучачка і блін з’ела і ўсё:
Цяў, цяў! Дзедаву дачку ў серабрэ ў золаце вязуць, а бабіну замуж
ні бяруць.
Скрыпнулі вароты, адчыніліся дзверы. Ідзець падчырка ўся ў серабрэ ў золаце, блішчыць. Мачыха глянула і рукамі ляснула.
Ах, дзед, дзед! Запрагай жа ж скарэй тых коней ды вязі маю дачку
на тое поле ды на тое места.
Павёз дзед бабіну дачку на тое поля на тое места. Пасадзіў яе. Прышоў Мароз-Краснанос, прышоў, паглядзеў. Яна яго не прывітала, ён яе ўзяў і замарозіў. На другі дзень пасылаець баба дзеда па дачку сваю. А сучачка апяць пад сталом ляжыць ды:
Цяў, цяў! Дзедаву дачку замуж бяруць, а бабіну хаваць вязуць.
Баба сучачку пабіла.
Маўчы! Скажы, што бабіну дачку ў серабрэ ў золаце вязуць, а дзедаву
замуж не бяруць.
Скрыпнулі вароты, адчыніліся дзверы. Мачыха выскачыла і ўместа дачкі абняла халоднае цела.