...

Легендарныя

Міжнародныя паказальнікі казачных сюжэтаў вылучаюць легендарныя казкі, адвёўшы ім № 750—849 і падзяліўшы на некалькі сюжэтна-тэматычных груп: «Бог узнагароджвае і карае», «Праўда выходзіць наверх», «Чалавек на тым свеце», «Прададзены чорту». Легендарная казка вызначаецца як пераходны жанр ад рэлігійнай легенды, якая мае павучальна-тлумачальную функцыю, да жанру казкі. У параўнальным паказальніку сюжэтаў усходнеславянскіх казак улічана 130 сюжэтных тыпаў і падтыпаў беларускіх легендарных казак, з якіх 34 адзначана толькі ў беларускім фальклоры.

У легендарных казках сфера звышнатуральнага, звязаная з вобразамі Бога, Хрыста, святых, анёлаў, чарцей, служыць як асэнсаванню сацыяльна-бытавых адносін і супярэчнасцей, так і – у найбольшай ступені – маральна-этычных катэгорый. Легендарныя казкі ў вобразна-прытчавай форме выяўляюць духоўна-маральныя законы чалавечага жыцця на зямлі, разважаюць аб грахах і дабрадзеях, спалучаюць у сябе алегорыю і дыдактыку. Асноўныя матывы легендарных казак – гэта багацце і беднасць, ганарлівасць і пакорнасць, упэўненасць у сваіх магчымасцях і спадзяванне на Бога, скупасць і шчодрасць, жорсткасць і міласэрнасць. Пры тым, першыя і другія члены пералічаных апазіцый у легендарных казках узаемна карэлююць: багацце — значыць ганарлівасць, упэўненасць у сваіх магчымасцях, скупасць, жорсткасць; адпаведна беднасць – пакорнасць, цярплівасць, спадзяванне на Бога, шчодрасць, міласэрнасць.

Апакрыфічныя сюжэты ў легендарных казках узбагачаюцца традыцыйнымі казачнымі матывамі, кантамінуюцца з сюжэтамі чарадзейных казак, і сама распрацоўка гэтых сюжэтаў вядзецца ў рэчышчы казачных традыцый, якія прадугледжваюць вызначальную ролю выдумкі і займальнасці.

Тыповая сітуацыя шэрага легендарных казак — Бог у выглядзе старэнькага дзеда, жабрака шукае ў вёсцы хату, дзе б яго прынялі на ноч. У багацеяў ён сустракае чэрствасць, скнарнасць, непавагу, бедныя шчыра дзеляцца з ім апошняй лустай хлеба. Так маральныя праблемы набываюць сацыяльную афарбоўку, але не перарастаюць у сацыяльны канфлікт: Бог сам тут выступае суддзёй для злых і няшчырых.

...

Паказаць больш

...